Як асвяціць машыну, дом, жывёліну альбо чалавека?

Што такое асвячэнне?

Падчас малітвы асвячэння мы просім, каб Бог благаславіў тых людзей і тыя рэчы, якія асвячаем. У гэтым абрадзе асноўнае не вада, якой акрапляюць, а малітва і вера.

Бог стварыў чалавека здольным жыць у гэтым свеце і самому разбірацца з рознымі матэрыяльнымі справамі. Мы многае ўмеем, дасягаем усё новых даляглядаў у навуцы і тэхніцы. Просячы ў Бога благаславення, мы выражаем Яму сваю ўдзячнасць за тое, што маем і просім, каб дапамагаў нам добра карыстацца дабротамі гэтага свету.

Як асвяціць дом, машыну і іншыя рэчы?

Каб асвяціць дом, трэба папрасіць ксяндза і дамовіцца з ім на канкрэтны дзень і гадзіну. Каб асвяціць машыну, прыяжджайце на ёй у касцёл і папрасіце ксяндза, каб падышоў на паркоўку і памаліўся за машыну і ўсіх, хто будзе на ёй ездзіць.

Можна асвячаць месца працы (майстэрню, гараж, магазін і г.д.), жывёліну (кошак, сабак, свіней, коней).

Трэба памятаць, што “дзейснасць” благаслаўлення залежыць не ад колькасці вылітай свянцонай вады, але ад нашай веры.