Запішы Імшу ONLINE

Запісваем Імшу:

1. Выбраць дзень, калі зможаце быць на Імшы.

2. Вырашыць, за каго будзе Імша.

3. Папрасіць ксяндза запісаць Імшу.

4. Пабыць на Імшы. Калі можаце - прыняць Камунію.

5. Скласці ахвяраванне на патрэбы парафіі.

Прыклады інтэнцый:

«За памерлага Яна ў гадавіну смерці і за ўсіх памерлых з роду Івановых.»

«Аб сумленнай навуцы і добрай здачы эгзамінаў для Ігара.»

«За Дзмітрыя, аб поспехах у працы, аб добрым адбыцці вучэнняў на палігоне, аб наладжванні узаемаадносін з дзецьмі і жонкай.»

Як запісаць Імшу?

Імша - самая лепашя і моцная малітва. Няма лепшай і мацнейшай дапамогі для чалавека - і ў гэтым свеце, і пасля смерці.

Каб запісаць Імшу за памерлых альбо за жывых, падыйдзіце да ксяндза ў касцёле, і ён запіша вашу інтэнцыю (за каго будзе малітва) на зручны для вас дзень. Можна гэта зрабіць і па тэлефоне +375-29-7015191. У нашым касцёле індывідуальныя інтэнцыі - на Імшы будуць прачытаныя толькі тыя людзі, за якіх вы прасілі памаліцца. Часам можа здарыцца, што у патрэбны вам дзень інтэнцыя будзе ўжо запісана. Таму варта запісваць інтэнцыі загадзя.

За каго можна ахвяраваць Імшу?

Падчас Імшы мы духоўна пераносімся ў часы Езуса і асабіста давяраем Яму дарагіх нам людзей і важныя справы.

Інтэнцыя Імшы можа быць за памерлых (аднаго альбо многіх). Можна маліцца за жывых - аб здароўі, аб Божай апецы, аб вырашэнні цяжкіх пытанняў, аб добрай здачы эгзамінаў, аб добрай аперацыі ў шпіталі і гэтак далей. Добрая справа - запісаць Імшу за родных у іх Дзень нараджэння, у гадавіну Шлюбу ці Хрышчэння. На пачатку навучальнага году варта ахвяраваць Імшу аб добрай сумленнай навуцы для сваіх дзяцей.

Ці трэба прысутнічаць на Імшы?

Падчас Імшы на алтары сам Езус аддае сябе ў ахвяру за нашых родных. Ксёндз увасабляе асобу Хрыста, а мы далучем да гэтай ахвяры саміх сябе: нашы цяжкасці, радасці, наш час.

Варта быць на Імшы, якую мы запісалі. Добра, калі можам на гэтай Імшы прыняць Святую Камунію. Трэба запрасіць родных і блізкіх. Часам шлях чалавека да Бога распачынаецца ад такога якбы насільнага прыходу ў касцёл. Імша - вельмі моцная малітва. Прыходзячы ў касцёл, мы аддаем сябе добраму Богу - і Ён нас перамяняе.

Колькі плаціць за Імшу?

Касцёл служыць людзям бясплатна. Езус заплаціў найвышэйшую цэну за нас усіх, паміраючы на Крыжы.

За Імшу не трэба плаціць. Аднак варта памятаць, што ні дзяржава, ні Ватыкан не плацяць ксяндзу зарплату і не аплочваюць будовы, рамонты і іншыя справы Касцёла. Ксёндз жыве і арганізуе жыццё парафіі за тыя сродкі, якія яму ахвяруюць людзі. Таму запісваючы Імшу, варта даць годнае ахвяраванне, адпаведна з вашымі магчымасцямі (асабліва, калі служэнне вашага ксяндза і парафіяльнае жыццё вам падабаюцца).