Каталіцкае пахаванне

Што рабіць, калі памёр католік?

Калі чалавек памірае, яго трэба пахаваць. Мы, католікі, молімся за памерлых, і першая малітва пасля адыходу чалавека да вечнасці – гэта асабістая малітва родных і блізкіх. Памаліцеся так, як умееце: даверце душу памерлага Богу, папрасіце аб міласэрнасці, аб прабачэнні грахоў.

Абрад пахавання

Пазваніце ксяндзу і папрасіце, каб ксёндз правёў абрад пахавання. У нашым горадзе пакуль няма касцёла, каб занесці туды труну з целам і правесці пахавальную Імшу, таму ўсе малітвы адбываюцца ў доме памерлага (альбо ў рытуальным зале ці на могілках).

Абрад пахавання складаецца з малітваў і некалькіх Псальмаў. Яны ўзяты з Бібліі і выражаюць нашу надзею на міласэрнасць Бога, кіруюць думкі да будучага Божага Валадарства. Пакуль ксёндз чытае альбо спявае псальмы, усе прысутныя могуць далучыцца да гэтай малітвы ў сваіх думках і сэрцах. Падчас малітвы можна трымаць у руках свечкі. Ксёндз асвячае Крыж, які потым паставім на магіле памерлага, кветкі і вянкі, свечкі і знічы.

Пасля пахавання

Вельмі важна, каб за памерлага адбылася Імша ў касцёле. Таму трэба дамовіцца з ксяндзом, у якія дні будуць гэтыя Імшы (пахавальная, на сем дзён і на трыццаць дзён). Запісаць Імшу можна ў касцёле альбо на парафіяльнай старонцы.