Нядзельная школа і дзеці ў касцёле

Абавязак бацькоў - падзяліцца сваёй верай з дзецьмі.

Вы можаце падрыхтаваць сваіх дзетак да Першай споведзі і Першай Камуніі ў парафіяльнай нядзельнай школе. У нядзелю перад Імшой настаўніца-катэхетка і ксёндз-пробашч праводзяць заняткі, на якіх дзеці пазнаюць Бога, каталіцкую веру, вучацца маліцца і жыць па хрысціянску.

Заняткі для дзетак

Запісаць сваіх дзяцей на заняткі можна на пачатку верасня кожнага году. Нядзельная школа праходзіць у цёплым памяшканні. Заняткі вельмі цікавыя, з выкарыстанне сучасных методык актыўнай перадачы ведаў.

Ці трэба браць дзяцей з сабой у касцёл?

Вазміце сваіх дзетак, нават калі яны яшчё вельмі маленькія, у касцёл на Імшу. Ніхто з парафіян не злуе, калі дзеці ходзяць па касцёле. Самыя галаслівыя дзеткі могуць з татам альбо мамай выйсці ў закрыстыю (гэта памяшканне, у якім ксёндз рыхтуецца да Імшы).

Што цікавага ёсць у касцёле для дзяцей?

У нас ёсць дзіцячы хор, група міністрантаў (гэта хлопцы, якія памагаюць ксяндзу падчас Імшы пры алтары). Адбываюцца розныя конкурсы з узнагародамі. Дзеці разам з катэхеткай (так называецца настаўніца, якая вучыць дзяцей у нядзельнай школе) рыхтуюць тэатральныя пастаноўкі.

Ці ёсць у нашай парафіі моладзь?

Моладзь нашай парафіі ўдзельнічае ў працы парафіяльнай студыі "Назарэт": выдае парафіяльную газетку, працуе над сайтам парафіі, вучыцца фатаграфаваць і пісаць артыкулы, стварае парафіяльнае радыё.

Юнакі і дзяўчаты ходзяць у пешыя пілігрымкі, ездзяць на рэкалекцыі па ўсёй Беларусі і за мяжу, удзельнічаюць у мінскіх моладзевых рухах. Моладзь нашай парафіі памагае дарослым у парафіяльным "Карытасе" (гэта супольнасць, якая займаецца дапамогай абездоленым). Тыя, хто любіць і ўмее працаваць рукамі, бяруць удзел у працы парафіяльнай багетна-паліграфічнай мастэрні.