Як пахрысціць дзіця

Адразу пасля нараджэння дзіцяці

Калі ў вас нарадзілася дзіця, падыдзіце ў касцёл і абмяркуйце ўсе пытанні, звязаныя з Хрышчэннем. Ксёндз дапаможа вам падрыхтавацца да гэтай важнай падзеі і вызначыць дату. Не адкладвайце Хрышчэнне на доўга. Па касцёльных канонах хрысціць пажадана ў першыя тыдні жыцця.

Навошта хросныя?

Для кожнага дзіцяці бацькі выбіраюць хросных маці і бацьку. Яны дапамагаюць бацькам у выхаванні дзіцяці ў веры і паводле хрысціянскай маралі. Хроснымі не могуць быць няверуючыя людзі. Пажадана, каб хаця б адзін з хросных быў практыкуючым католікам (гэта значыць ходзіць у касцёл кожную нядзелю, спавядаецца і прымае Святую Камунію). Хросных выбіраем не дзеля падарункаў, а каб яны на працягу жыцця маліліся за вашае дзіця.

Навошта католікі хрысцяць дзяцей? Можа хай падрасце і сам выбярэ веру?

Дарослыя не чакаюць, пакуль дзіця вырасце і выбярэ сабе ежу і вопратку. Людзі "насільна" кормяць дзяцей, апранаюць, вядуць у школу. Вера і Божае жыццё (якое пачынаецца з моманту Хросту) важнейшае за ежу. Таму католікі імкнуцца ад першых тыдняў жыцця даць сваім дзецям найбольшы і найважнейшы дар - Хрышчэнне. Маленькіх дзетак закутваюць у пялюшкі, каб абараніць ад холаду і хваробаў. І хрысцяць - каб абараніць ад духоўных небяспек.

Ці можна хрысціць дзіця, калі бацькі жывуць без Шлюбу?

Можна.

Ці могуць быць хроснымі муж і жонка?

Могуць.