Распачаліся душпастырскія візіты (або так званая каляда)
На працягу апошніх дзён жыхары нашага горада і раёна то тут то там могуць заўважыць каталіцкага святара, які дзіўна апрануты: чорная сутана, белая комжа, паверх якой сімвал святарскай улады — стула. Аднойчы ў нашага ксяндза-пробашча нават пацікавіліся на вуліцы, ці не памёр хто, што ён ходзіць так апрануты.
Якая мэта калядавання святаром?
Святар моліцца разам з гаспадарамі, удзяляе ім благаслаўленне і акрапляе дом асвячонаю вадой. Гаспадары звычайна дзякуюць святару за супольную малітву і благаслаўленне дома, складаючы сімвалічнае ахвяраванне, якое будзе прызначана на патрэбы касцёла.
Аднак не трэба адмаўляцца ад запрашэння святара з-за складанага матэрыяльнага становішча: мэта наведвання сем’яў — пастырская, а не «камерцыйная». Інакш кажучы, за «Каляду» не трэба «плаціць». Бо мэта касцёльнай «Каляды» не ў тым, каб сабраць ахвяраванні, хоць яны таксама патрэбныя на розныя парафіяльныя выдаткі. Душпастырам перш за ўсё неабходна ведаць, колькі вернікаў жыве ў іх парафіі і якія яны маюць духоўныя патрэбы.
Як кажа папа Францішак, добры пастыр павінен «ведаць запах сваіх авечак». Гэта значыць, што святару неабходна сустракацца з людзьмі не толькі ў касцёле, але і ў іх дома, каб плённа спадарожнічаць ім у духоўным жыцці, ведаючы іх радасці і цяжкасці. Вернікі могуць быць упэўнены, што ўсё, аб чым яны гутараць са святаром, застанецца толькі паміж імі. Як на споведзі.
Чаго не варта рабіць падчас «Каляды»?
Не варта настойліва частаваць святара, калі аб гэтым не было папярэдне дамоўлена.
Як арганізуецца «Каляда»?
Зазвычай у касцёле на Імшах робяцца аб’явы, у які дзень і па якой вуліцы святар будзе «хадзіць па Калядзе». Аднак можа практыкавацца індывідуальная дамоўленасць, калі вернікі, якія жадаюць запрасіць да сябе святара, асабіста дамаўляюцца на канкрэтны час. Гэта асабліва актуальна ў тых выпадках, калі хтосьці першы раз хоча запрасіць да сябе святара, бо раптам прыпомніў, што ён або яго продкі — католікі. Таксама каталіцкага святара можа запрасіць для асвячэння дома кожны чалавек добрых намераў.
У месцы, дзе сям’я звычайна збіраецца на малітву, неабходна падрыхтаваць крыж, асвечаную ваду і крапіла (зазвычай святар мае з сабой крапіла, а звычайную ваду асвеціць выключна ў вашым доме — ён жа святар, ён справіцца), запаліць свечку.
Усё гэта можна падрыхтаваць на стале, заслаўшы яго прыгожым абрусам. Калі ў доме ёсць рэлігійныя рэчы, якія неабходна благаславіць, іх таксама можна пакласці на стол.
Аб дні і часе наведвання вашага дому можна дамовіцца асабіста з ксяндзом або па тэлефоне +37525-771-00-80 (кс. Дзяніс).