8 верасня Ўладзіслаў Варвашэвіч, які належыць да супольнасці Місіянераў Святой Сям’і, склаў вечныя шлюбы

8 верасня, калі каталіцкі касцёл адзначае свята Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны, у Вышэйшай Духоўнай Семінарыі горада Казімеж Біскупі (Польшча) наш зямляк Уладзіслаў Варвашэвіч склаў вечныя шлюбы.
Складаючы абяцанні чысціні, убоства і паслухмянасці, манахі абавязваюцца любіць Бога і служыць дзеля Яго валадарства там, куды іх накіруе Божы Дух. Знакам складзеных вечных шлюбаў з’яўляецца місійны крыж, які становіцца часткай манаскага хабіта і нагадвае аб любові Збаўцы да чалавецтва.
Шчыра віншуем клерыка Уладзіслава з вялікай падзеяй у яго жыцці! Жадаем заўсёды крочыць выбраным шляхам слугі божага і поўнасцю аддаваць сябе Богу і бліжнім. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя заўсёды трымае ў сваей апецы!
Клерык Уладзіслаў нарадзіўся 12 мая 2002 г. у вёсцы Рудня (Дзяржынскі раён). У 2008 г. у касцёле Перамянення Пана ў Негарэлым прыняў Першую Святую Камунію. У 2020 г. быў прыняты ў Ордэн Місіянераў Святой Сям’і і распачаў падрыхтоўку да манаскага жыцця і святарства. На заканчэнне навіцыяту 8 верасня 2021 г. склаў першыя часовыя шлюбы. Працягвае навучацца ў Вышэйшай Духоўнай Семінарыі Місіянераў Святой Сям’і ў Казімежу Біскупім (Польшча).

