Гісторыя парафіі
Вязынская святыня
Гісторыя каталіцкага касцёла на землях, дзе знаходзяцца муры нашай святыні, пачалася, калі Фаніпаль яшчэ не існаваў. Цэнтрам жыцця тады з’яўлялася Вязынь. Сёння гэта невялікая вёска на ускрайку Фаніпаля, якая амаль стала яго часткай. А ў мінулым яна была дастаткова буйным паселішчам, узнікненне якого (згодна з архіўнымі дакументамі) датуеца ажно 1600 годам!
Гісторыя этага мястэчка досыць насычаная. Свае парадкі тут усталёўвалі прадстаўнікі такіх знакамітых родаў, як Кучукі ды Радзівілы. Але нас асаблівым чынам цікавіць 1820 г., калі Вязынь стала ўласнасцю памешчыка Антонія Багдашэўскага, а пазней (у 1836 г.) адышла да яго пляменніка Ігнація. Менавіта ён на ўласныя грошы ў 1844 г. пачаў будаваць у Вязыні мураваны храм. Справа рухалася хутка, і 18 лістапада 1847 г. невялічкі неагатычны касцёл пад тытулам Святой Троіцы быў асвечаны біскупам Мінскай дыяцэзіі Паўлам Раваю. У касцёле захоўваліся парэшткі Святога Фаўстына. Колькасць вернікаў вязынскай парафіі на 1900 г. складала прыблізна 500 чалавек. Да 1905 г. пробашчам касцёла быў ксёндз бэрнардын Дамінік Брасевіч, а ў 1905 г. яго змяніў ксёндз Браніслаў Арліцкі.
Кажучы аб гісторыі фаніпальскага касцёла і узгадваючы 1847 г., трэба зрабіць рэмарку. У гэтым годзе паўстаў мураваны будынак, але ж каталікі жылі тут і раней. Архіўныя звесткі сцвярджаюць, што ў XVII ст. на самым высокім пагорку наваколля стаяла невялікая драўляная святыня, дзе маліліся католікі і ўніяты. У хуткім часе яе спалілі казакі. На пачатку XVIII ст. на месцы былой капліцы з’явілася новая. Вядома нават, што ў ей захоўваўся антымінс — чатырохвугольны ільняны плат з выяваю Езуса ў труне. Пазней капліцу таксама напаткаў сумны лёс: у 1841 г. яе перадалі праваслаўнай царке, а затым знішчылі.
Храм уяўляў сабой кампактны прамавугольны у плане будынак з двусхільным дахам. Франтальны фасад вылучаўся стральчатым уваходным парталам і акном-ружай над ім. Двусхільны шчыт фасада па вуглах завяршалі гранёныя шатровыя сігнатуркі-пінаклі, апяразваў яго арнаментальны фрыз. Белакаменныя бакавыя фасады рытмічна чляніліся вузкімі стральчатымі аконнымі праёмамі.
На жаль, вязынская святыня праіснавала нядоўга. Спачатку пасля рэвалюцыі 1917–1918 гг. касцёл разрабавалі, затым у пасляваенны перыяд пачалі раўняць з зямлёй сцены. Рабілася гэта паволі, быццам спецыяльна, каб паздзеквацца над вернікамі. Канчаткова будынак даканалі ў 1958 г., калі ад яго засталася толькі купка друзы з цэглы і жвіру.
Храм у Воўчкавічах
Кажучы аб гісторыі фаніпальскай святыні, варта ўзгадаць яшчэ адзін храм, які не датрываў да нашых дзён. Гаворка пра касцёл у суседняй з Фаніпалем вёсцы Воўчкавічы. Ён з’явіўся тут на месцы старой драўлянай каплічкі ў ліпені 1810 г. і быў названы ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і Святых апосталаў Пятра і Паўла. У 1839 г. гэты касцёл атрымаў статус філіяльнага. Святыня была невялікай, а колькасць парафіян з кожным годам узрастала. У хуткім часе яна стала патрабаваць рамонту, бо была драўлянай, а парафіяне не маглі назбіраь дастаткова сродкаў для гэтага. Сітуацыю выратаваў граф Ежы Чапскі, маёнтак якога знаходзіўся непадалёку (у Прылуках). Згодна з яго планам Воўчкавічы павінны былі стаць сапраўдным санктуарыем, у які будуць прыходзіць зблізку і здалёк. Праект новага велічнага касцёла ў неагатычным стылі распрацаваў пратэжэ Чапскага архітэктар Генрых Гай. Дарэчы, ён жа кіраваў будаўніцтвам касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску. 9 лістапада 1904 г. адбылася ўрачыстая кансэкрацыя новай святыні, якой надалі тытул Сэрца Пана Езуса і Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.
Касцёл быў аднанефны, меў адну вежу вышынёй 45 аршынаў. Інтэр’еры святыні ўпрыгожвалі тры каменныя алтары, вокны мелі металічную сталярку з вітражамі. Нажаль, гэты храм, як і вязынская святыня, доўга не пратрываў. У 1930-я гг. яго зачынілі ўлады, а напачатку 1950-х гг. будынак святыні быў канчаткова знішчаны.
Парафія паміж Вязынню і Воўчкавічамі. Першыя крокі
Да пачатку XXI ст. фаніпальскія наваколлі не мелі ўласнай каталіцкай святыні. Толькі ў 2000 г. пачаліся размовы, што так быць не павінна. У 1999 г. Фаніпаль афіцыяльна стаў горадам. Тут будаваліся новыя заводы, з’яўляліся дамы, расла колькасць насельніцтва і быў патрэбен свой касцёл. Думка аб неабходнасці аднаўлення каталіцкай парафіі і будаўніцтва храма была агучана мясцовым жыхаром Жыхам П. А. З гэтым пытаннем ён звярнуўся да пробашча Чырвонага касцёла ў Мінску айца Уладзіслава Завальнюка. Той ідэю падтрымаў і вырашыў правесці перамовы са старшынёй Фаніпальскага гарадскога Савета Карпіевічам В. Ф. Яны скончыліся тым, што было вырашана сабраць сход вернікаў-католікаў і абмеркаваць пытанне аб неабходнасці будаўніцтва касцёла.
Сход адбыўся ў памяшканні кінатэатра «Юность» (цяпер — Фаніпальскі ГДК). На сходзе прысутнічалі:
- прадстаўнікі каталіцкай грамадскасці з Мінска на чале з ксяндзом Уладзіславам Завальнюком;
- старшыня Фаніпальскага гарадскога Савета Карпіевіч В. Ф.;
- намеснік старшыні Фаніпальскага гарадскога Савета Дэніс І. І.;
- вернікі-католікі горада Фаніпаля (каля 60 асоб).
Было вырашана:
- дазволіць каталікам Фаніпаля і навакольных вёсак праводзіць набажэнствы па нядзелях у памяшканні кінатэатра «Юность» без перашкоды рабоце ўстановы культуры;
- Святую імшу першым часам будуць цэлебраваць ксяндзы з Мінска;
- сумесна з мясцовымі ўладамі патрэбна знайсці часовае памяшканне для дзейнасці каталіцкай парафіі;
- пачаць работу па падрыхтоўцы дакументацыі для будаўніцтва касцёла.
Быў абраны арганізацыйны камітэт у складзе Жыха Пятра Алаізьевіча, Мякота Таццяны Анатольеўны і Марэцкага Чэслава Вітальевіча. Ён арганізаваў работу па зборы подпісаў, каб распачаць рэгістрацыю каталіцкай абшчыны. Агульнымі намаганнямі было сабрана звыш 2000 подпісаў.
Свой дом для малітвы і рэгістрацыя абшчыны
Святая Імша праводзілася ў кінатэары на працягу двух месяцаў. Затым нечакана кіраўніцтва горада яе забараніла. Тады жыхар Фаніпаля і член арганізацыйнага камітэта Марэцкі Ч. В. прапанаваў адрамантаваць пусты дом па вул. Камсамольская, 4а (раней будынак належаў Стаўбцоўскаму ДРСУ, але быў спісаны і падлягаў зносу). Кіраўніцтва горада дало дазвол.
Дом гэты быў занядбаны, даўно пакінуты гаспадарамі. Патрабавалася шмат сіл і фінансавых сродкаў, каб прывесці яго ў прыстойны стан.
У тым жа 2000 г. каталікі Фаніпаля звярнуліся у гарвыканкам з просьбай аб утварэнні каталіцкай абшчыны. Выканкам даў тлумачэнне наконт працэдуры рэгістрацыі, і пасля падрыхтоўкі адпаведных дакументаў каталіцкая абшчына «Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Марыі» (тут узгадайце мураваны касцёл у Воўчкавічах, а асабліва яго тытул; фаніпальская парафія вырашыла звярнуцца да вытокаў і адрадзіць назву былой святыні) была зарэгістравана ва ўстаноўленым законам парадку. Значная частка насельніцтва горада з хваляваннем сустрэла гэта паведамленне і ўбачыла станоўчы паварот грамадства да аднаўлення гістарычных, культурных і хрысціянскіх каштоўнасцей.
Спроба распачаць будову
У студзені 2001 г. кіраўніцтва абшчыны, ксендз Уладзіслаў Завальнюк і старшыня касцёльнага камітэта Жых П. А. звярнуліся да ўладаў з просьбай аб выдзяленні ўчастка пад будаўніцтва культурна-хрысціянскага цэнтра. Планавалася, што ў яго склад увойдуць касцёл, нядзельная школа, Дом міласэрнасці, пляцоўкі для правядзення рэлігійных святаў і масавых выступленняў, дом святара, памяшканне для законных сясцёр, зона адпачынку (фантаны, кветнікі).
Старшынёй Дзяржынскага райвыканкама Ткачовым У. І. была дадзена вусная згода і зроблены заўвагі па дапрацоўцы адпаведных дакументаў. Аднак, нягледзячы на тое, што ўсе заўвагі касцёльны камітэт выправіў, Дзяржынскі райвыканкам не дазволіў распачаць праектныя работы. У пісьме на імя старшыні касцёльнага камітэта значылася: «Информируем, что Ваше заявление рассмотрено на заседании исполкома 26 апреля 2001 года. Ввиду того, что в г. Фаниполь и прилегающих населенных пунктах проживает незначительное количество граждан римско-католического исповедания, строительство культурно-христианского центра признано нецелесообразным. Зам. председателя исполкома А. С. Криворот, 23.05.2001 г.».
Першы пробашч і праект новага касцёла
У 2002 г. на працу ў фаніпальскую парафію быў скіраваны ксёндз Станіслаў Салата (закон Місіянераў Святой Сям’і). Ён паходзіў з Польшчы, але з 1991 г. выконваў святарскую паслугу ў нашай краіне. Быў пробашчам парафій у Грушаўцы і Нароўлі (Пінская дыяцэзія), дзе пабудаваў касцёл.
5 красавіка 2003 г. Ксёндз Станіслаў быў афіцыяльна назначаны пробашчам фаніпальскай парафіі.
У тым жа годзе, крыху пазней, а менавіта 21 ліпеня Дзяржынскі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне «О согласовании религиозной общине места размещения костела в г. Фаниполь, утверждении акта выбора земельного участка, разрешении проведения проектно-изыскательских работ». РУП «Праектны інстытут Белгіпразем» пачаў распрацоўку неабходнай дакументацыі. Адначасова рэлігійная абшчына заключыла пагадненне з праектным прыватным унітарным прадпрыемствам “Творчая майстэрня архітэктара Базевіча А. Ф.” на падрыхтоўку архітэктурнага праекта будынка касцёла і плябаніі.
7 снежня 2003 г. адбыліся перавыбары касцёльнага камітэта. На агульным сходзе вернікаў парафіі быў выбраны новы склад камітэта, у які ўвайшлі: Протас Алена Эдуардаўна — старшыня, Мурашка Ларыса Міхайлаўна — намеснік старшыні, Лойка Ірына Вацлаваўна — сакратар-казначэй.
Цяжкасці і перашкоды
У 2005 г. падчас завяршэння падрыхтоўкі дакументацыі, неабходнай для адвядзення зямельнага участка пад будаўніцтва касцёла, парафія нечакана сутыкнулася з праблемай. На месцы, вызначаным пад будаўніцтва, знаходзіліся самавольна ўзведзеныя жыхарамі горада склепы для захавання бульбы і іншай гародніны. Людзі, у большасці пенсійнага ўзросту, карысталіся імі шмат гадоў і лічылі гэтыя збудаванні сваёй уласнасцю. Калі паўстала пытанне аб зносе, а такое рашэнне было прынята Фаніпальскім гарадскім выканаўчым камітэтам яшчэ ў 2003 г., уласнікі склепаў пачалі пратэставаць, пісаць скаргі ў самыя розныя інстанцыі. Па гэтай прычыне работы па афармленню дакументацыі пад адвод зямлі былі прыпынены на невядомы час. Амаль год ішлі вельмі цяжкія перамовы паміж уладамі і ўласнікамі склепаў.
Абодва бакі звярталіся ў розныя інстанцыі для вырашэння спрэчнай сітуацыі. 15 жніўня 2005 г. касцёльны камітэт атрымаў пісьмовае паведамленне ад памочніка Дзяржынскага міжрайпракурора А. І. Шышкаўца, у якім значылася, што Дзяржынскі райвыканкам пастанавіў зняць перашкоды для будаўніцтва касцёла ў Фаніпалі, у прыватнасці — ажыццявіць знос самавольнаўзведзеных склепаў.
Аднак пасля чарговых зваротаў грамадзян-уласнікаў, старшыня райвыканкама прыняў новае рашэнне: дазволіць людзям пенсійнага ўзросту карыстацца склепамі, а пры ўзвядзенні будынка касцёла прадугледзіць у падсобных памяшканнях месцы для захоўвання гародніны (пажыццёва, без права атрымання ў спадчыну і продажу).
Каб не зацягваць час, касцёльны камітэт згадзіўся. Былі складзены спісы грамадзян пенсійнага ўзросту, падрыхтаваны гарантыйныя пісьмы і чатырохбаковае пагадненне (Фаніпальскі гарадскі выканаўчы камітэт, Дзяржынскі райвыканкам, касцёльны камітэт і грамадзяне, што карыстаюцца склепамі ў колькасці 8 асобаў).
Пасля гэтага працэс афармлення дакументаў пайшоў хутчэй. Нарэшце, 10 мая 2006 г. рэлігійная абшчына «Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Марыі» у Фаніпалі атрымала зямельны надзел па завулку Багдашэўскага.
Асвячэнне пляцоўкі і пачатак будовы
У чэрвені 2006 г. адбылося асвячэнне пляцоўкі пад касцёл. У прысутнасці вернікаў парафіі біскуп Антоній Дзям’янка благаславіў будаўніцтва святыні ў Фаніпалі. У жніўні 2006 г. адбылося аб’яднанне парафій Маткі Боскай Шкаплернай ў вёсцы Фрунзэ Дзяржынскага раёна з парафіяй Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Марыі ў Фаніпалі, якія з гэтага часу абслугоўваў ксёндз Станіслаў Салата.
3 снежня 2006 г. адбыўся сход вернікаў парафіі, на якім былі падведзены вынікі работы касцёльнага камітэта за мінулыя тры гады, вызначаны накірункі на новы перыяд. У сувязі з тым, што распачаліся будаўнічыя работы, сход па прапанове старшыні камітэта Протас А. Э. выказаўся за неабходнасць павелічэння колькаснага складу камітэта да сямі чалавек. Новы камітэт быў абраны ў наступным складзе: Протас Алена Эдуардаўна — старшыня, Марушка Георгій Пятровіч — намеснік старшыні, Раманоўскі Сяргей Сцяпанавіч, Мурашка Ларыса Міхайлаўна, Лукша Уладзімір Сідаравіч, Лойка Ірына Вацлаваўна, Сцяпура Альберт Францавіч.
Пакуль адбывалася будаўніцтва, Святыя Імшы праводзіліся ў вагончыку, які стаяў побач.
Перамены і доўгае чаканне
У лютым 2009 г. ксёндз Станіслаў быў накіраваны ў вёску Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна. У нашай парафіі ў хуткім часе з’явіўся новы пробашч — ксендз Сяргей Дабрагост.
Будаўніцтва касцёла то ажывала, то заціхала. Не хапала сродкаў, былі і розныя іншыя перашкоды. Тым не менш, за кошт ахвяраванняў вернікаў, а таксама дзякуючы падтрымцы спонсараў, удалося ўзвесці сцены, накрыць дах і ўставіць вокны. Калі была ўпарадкавана падвальная частка, набажэнствы сталі праводзіцца там, а не ў вагончыку.
20 верасня 2020 г. Святая Імша ўпершыню цэлебравалася ўнутры святыні.
Сучаснасць
У жніўні 2021 г. пробашчам касцёла ў Фаніпалі быў прызначаны кс. Дзяніс Шастаковіч MSF. Парафія атрымала сталага ўласнага святара, якому больш не патрэбна было прыязджаць з Дзяржынску і аднамаментна ўдзельнічаць у жыцці некалькіх парафій, як гэта было раней. Кс. Дзяніс пасяліўся ў Фаніпалі і разам з вернікамі актыўна ўключыўся ў справу будовы касцёла.
Восенню 2021 г. у фаніпальскай парафіі з’явіўся ўласны сайт, а таксама быў створаны профіль у Інстаграм. У жадаючых дапамагчы матэрыяльна ўпершыню з’явілася магчымасць зрабіць гэта онлайн: запрацаваў сэрвіс збору сродкаў праз АРЫП.
У студзені 2022 г. закончыўся рамонт касцёльнай закрыстыі. Да красавіка 2022 г. вернікі працягвалі маліцца ў асноўнай частцы касцёла, а пасля зноў вярнуліся ў падвал: у касцёле распачаліся рамонтныя работы. За цёплы сезон 2022 г., дзякуючы падтрымцы неабякавых людзей удалося зрабіць вельмі шмат: касцёл быў цалкам аштукатураны звонку, прыведзена ў парадак вежа, завяршылася ўцяпленне і гідраізаляцыя фундаменту, вакол касцёла з’явілася агароджа, пачалося добраўпарадкаванне тэрыторыі.
У чэрвені 2022 г. на прыкасцёльным пляцыку адбыўся двудзённы парафіяльны фэст, удзел у якім прынялі вернікі і святары з іншых парафій, у тым ліку кс. Уладзіслаў Завальнюк.
Разам з будовай сцен узрастала і сталела парафіяльнай супольнасць. Традыцыйнымі сталі штомесячныя спатканні парафіяльнага актыву, дзе абмяркоўваліся справы мінулыя і будучыя. Добрай парафіяльнай традыцыяй сталі віншаванні парафіян-імяніннікаў і юбіляраў, цэлебрацыя Святых Імшаў ў іх інтэнцыі. 18 верасня 2022 г. у нашай супольнасці была зацверджана парафіяльная рада. 25 верасня таго ж года адбылося ўрачыстае прыняцце новых міністрантаў.
Від звонку летам 2022 г.
2023 г. таксама быў насычаны падзеямі. Актыўна вяліся рамонтныя работы ўнутры святыні. Была пакладзена плітка, аштукатураны і пафарбаваны сцены, у касцёле з’явіліся новыя дзверы і люстры. Поўнасцю была прыведзена ў парадак тэрыторыя: вакол святыні з’явіўся газон, былі высаджаны кветкі і туі.
На дадзены момант працы працягваюцца. Аб усім, чым жыве наша парафія, можна даведацца з раздзела “Навіны” на нашым сайце або са старонкі ў Інстаграме.
Дзякуй кожнаму, хто сваімі намаганнямі дапамагае нам будаваць Дом Пана!