Сакрамэнт хросту
Сакрамэнту хросту — адзін з найпершых і найважнейшых сакрамэнтаў, прымаючы які чалавек пазбаўляецца ад заганы першароднага граху. Праз хрост людзі далучаюцца да супольнасці люду божага — Касцёла. Толькі пасля прыняцця хросту можна прыймаць іншыя сакрамэнты.
Патрэбна памятаць, што хрост — толькі пачатак, які патрабуе далейшага развіцця і жыцця паводле прынятай веры. Выхаванне і жыццё ў веры Касцёла — абавязак бацькоў, хросных і самаго ахрышчанага.
Што зрабіць, каб пахрысціць дзіця?
- Выбраць імя. Пажадана, каб яно было імем святога або святой. Так ахрышчаны будзе мець свайго заступніка перад Богам і прыклад да наследавання.
- Звярнуцца да святара і паведаміць аб намеры пахрысціць дзіця. Прынесці з сабой пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і свае пашпарты.
- Вызначыць дату і час. Найлепей, калі хрост адбываецца падчас нядзельнай святой Імшы з удзелам мноства вернікаў. Але пры пэўных абставінах дзіця можна пахрысціць і ў буднія дні. Па касцёльных канонах дзіця пажадана хрысціць ў першыя тыдні жыцця.
- Прайсці спецыльную падрыхтоўку перад хростам (для бацькоў і бацькоў-хросных).
Хто можа быць хросным (хроснай)?
Хросныя бацькі павінны:
- мець не менш 16 гадоў і адчуваць адказнасць за даручанае заданне;
- з’яўляцца католікамі (Касцёл дапускае, каб адзін з хросных быў праваслаўным пры ўмове, што другі — абавязкова католік), якія ўжо прынялі Сакрамэнт канфірмацыі (бежмавання).
Хроснымі не могуць быць бацька або маці таго, хто прымае хрост.
Важна разумець, што абавязак хросных бацькоў не толькі прыносіць падарункі на розныя святы, але, перш за усё, дапамагаць бацькам дзіцяці выхоўваць яго ў веры.