Наведаць хворага
Як пазваць ксяндза?
Можна падысці ў закрыстыю і дамовіцца або патэлефанаваць +37525 7710080 (кс. Дзяніс).
Што такое Сакрамэнт намашчэння хворых?
Сакрамэнт намашчэння хворых — гэта вялікая ласка для хворага чалавека. Праз яго хворы атрымоўвае Божае благаслаўленне і, калі на тое будзе воля Бога, навяртанне да здароўя. Кожны, хто прымае Сакрамэнт намашчэння, злучаецца з мукай Хрыста дзеля ўласнага дабра і дабра ўсяго Касцёла, атрымлівае спакой і мужнасць, каб па-хрысціянску прымаць цярпенні, хваробы або мукі.
Хто можна прыняць Сакрамэнт намашчэння хворых?
Момант для гэтага Сакрамэнту наступае, калі верніку пагражае смерць з прычыны хваробы або старасці. Езус Хрыстус прыходзіць з асаблівай ласкай на дапамогу тым, хто знаходзіцца ў стане цяжкай, небяспечнай для жыцця хваробы, таксама перад аперацыяй. У двух словах можна сказаць, што гэты сакрамэнт — для састарэлых і цяжка хворых асоб.
Часам святара запрашаюць да хворага, калі ён ў такім стане, што з ім няма кантакту. Не трэба чакаць такога моманту. Запрасіце ксяндза, калі хворы ў свядомасці, бо гэта Сакрамэнт жывых, а не памерлых. Таксама не трэба ўспрымаць Сакрамэнт намашчэння як “апошні сакрамэнт”. Ён удзяляецца не толькі канаючым, а ўсім, хто пакутуе ад хваробы, прыкаваны да ложка, церпіць ад болю і інш.
Як адбываецца ўдзяленне Сакрамэнту?
Калі чалавек сам не можа прыбыць да касцёла, святар сам выязджае да дому хворага. Напачатку адбываецца споведзь. Калі хворы атрымае прабачэнне грахоў, святар ускладвае рукі на яго галаву і намашчае святым алеем чало і рукі, кажучы пры гэтым спецыяльную формулу. Пасля таго, як хворы прыступіць да святой Камуніі, святар удзяляе благаслаўленне.