Чым жыла парафія ў Фаніпалі: вынікі 2025 года
30-12-2025
Падыходзіць да завяршэння 2025 год, значыць, час падводзіць вынікі. Для нашай парафіі гэты год выдаўся багатым на падзеі. Мы разам маліліся, святкавалі, адпачывалі, пілігрымавалі і працягвалі будаваць Дом Божы. Дзякуй кожнаму, хто быў з намі, раздзяляў веру, час і сілы. Няхай падведзеныя вынікі стануць не толькі ўспамінамі, але і моцным падмуркам для новых добрых спраў у наступаючым 2026 годзе. Няхай Божае Бласлаўленне заўсёды будзе з намі!
Асноўнае ў парафіі за 2025 год
Парафіяльная супольнасць
- У студзені адбылося парафіяльнае святочнае мерапрыемства. Вернікі маліліся на Святой Імшы, а пасля сабраліся ў мясцовым кафэ на супольным пачастунку, дзе разам спявалі, танцавалі, удзельнічалі ў конкурсах. Падобныя спатканні збліжаюць парафіян.

- Адбыўся шэраг пілігрымак. Сярод іх — калядная пілігрымка, пілігрымка вясной у Будслаў (у першую суботу месяца з нагоды падрыхтоўкі да прысвячэння парафіі Безаганнаму Сэрцу Марыі), летняя пілігрымка ў Будслаў на адпустовыя ўрачыстасці. У верасні адбылася пілігрымка па касцёлах Беларусі. У кастрычніку з нагоды юбілейнага года вернікі пілігрымавалі ў Ватыкан, дзе разам з каталікамі з усёй Беларусі прайшлі праз святую юбілейную браму і ўдзельнічалі ў Імшы ў базыліцы Святога Пятра.

- Кожную першую пятніцу месяца адбывалася Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта на ўшанаванне Сэрца Езуса, а ў першую суботу — набажэнства фацімскае.

- Традыцыйна ў парафіі прайшлі рэкалекцыі перад Вялікаднем (праводзіў кс. Павел Эйсмант) і Божым Нараджэннем (праводзіў а. Юрый Находка, OCD).

- На пачатку чэрвеня дзеці з нашай парафіі паспяхова здалі экзамен і прыступілі да Першай Камуніі.

- Узнёсла прайшлі адпустовыя ўрачыстасці. У пятніцу ва ўрачыстасць Сэрца Езуса Святую Імшу ўзначаліў а. Антоній Ярошка, пасля літургіі адбылося прысвячэнне парафіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Адпустовую ўрачыстасць на ўшанаванне Беззаганнага Сэрца Марыі ўзначаліў ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк. Святочную Імшу спевам упрыгожыў хор «Голас Душы» з Мінска. Пасля Імшы каля касцёла парафіян і гасцей парафіі чакаў пачастунак, прыгатаваны вернікамі, а таксама святочны выступ дзяцей і моладзі.

- Ад кастрычніка ў парафіі распачаўся новы навучальны год. Катэхеткі Вікторыя Сучынская і Алена Протас з гэтага года вядуць заняткі для дзяцей і моладзі.

- У парафіі прайшоў курс “Альфа”, у якім узяло ўдзел больш за 15 чалавек.

- Парафія паспяхова прайшла перарэгістрацыю. Была абрана новая парафіяльная рада. Алену Протас, старшыню рады, замяніла Таццяна Кедо. Адказным за гаспадарчую частку стаў Яўген Юшкевіч, пасаду бухгалтара заняла Галіна Вашкоўская.

- На працягу года дзейнічала парафіяльная група “Карытас”, мэта якой — гуманітарна-дабрачынная дзейнасць ад імя парафіі. Некалькі членаў суполкі ўзялі ўдзел у спатканні валанцёраў, якое прайшло ў Ляскоўцы. Галоўнай місіяй парафіяльных валанцёраў у гэтым годзе было аднаўленне сувязі з вернікамі, якія па прычыне хваробы не могуць наведваць касцёл. Члены “Карытас” арганізавалі для іх спатканне са святаром і дапамглі прыняць сакраманты. Да валанцёрскай групы можна далучацца.

- У парафіі адбылося ўрачыстае святкаванне Божага Нараджэння. Дзякуючы вернікам, касцёл быў атмасферна ўпрыгожаны.

- У свята Святой Сям’і малодшыя вернікі парафіі пад кіраўніцтвам Вікторыі Сучынскай падрыхтавалі віншавальную музычную праграму.

Будаўляныя і гаспадарчыя справы
- Штомесяц, акрамя летняга перыяду, адбываліся спатканні прафіяльнай рады і актыўных вернікаў, падчас якіх абмяркоўваліся і вырашаліся важныя для парафіі справы.
- Касцёл быў пафарбаваны звонку.

- Скончаны цэнтральны і бакавы ганкі.

- З’явіліся баляскі на хорах.

- У падвальных памяшканнях была разведзена электраправодка і заліта сцяжка. Пад кіраўніцтвам Яўгена Юшкевіча была зроблена ўборка падвалаў.

- На прыкасцёльнай тэрыторыі з’явіліся новыя кветкі і зялёныя насаджэнні.

- Усе больш вернікаў далучалася да прац пры касцёле і добраўпарадкавання тэрыторыі (суботнікі, пакос травы, паліў кветак і інш.)
