Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

“У мяне ёсць мара: адкрыць у нашым горадзе мастацкую школу”

23-02-2026

Парафіяльная супольнасць — жывы арганізм, які складаецца з розных, не падобных адзін да аднаго людзей. Менавіта ў гэтай разнастайнасці характараў, прафесій, захапленняў заключаеца яе багацце і сіла. Калі кожны асобны вернік уносіць нешта сваё, унікальнае ў агульнае жыццё, супольнасць развіваецца, напаўняецца духоўнай энергіяй і мацнее.

Сёння з радасцю віншуем з Днём нараджэння Ганну МАРОЗАВУ мастачку, дызайнера, крэатыўнага і рознабаковага чалавека. З’яўляючыся членам парафільнай сям’і, яна шчодра дзеліцца з ёй сваімі талентамі. Дзякуючы яе творчым працам, якія становяцца цэнтральнай часткай касцёльных дэкарацый, кожная ўрачыстасць, якую перажываем, мае асаблівую ўзнёслую атмасферу.

Па традыі, запрашаем бліжэй пазнаёміцца з Ганнай праз яе невялічкі аповед пра сябе.

“Мастацтва — частка мяне”

Яе шлях да мастацтва пачаўся ў раннім дзяцінстве. Выхавацелі ў дзіцячым садку ўгледзелі, што Аня заўсёды нешта малюе і ў яе гэта няблага атрымоўваецца. Пазней здольнасці дзяўчынкі заўважылі ў школе, але развіваць талент на больш высокім узроўні аказалася няпроста: у Фаніпалі не было мастацкай школы. Аднойчы мама дзяўчынкі даведалася, што такая школа ёсць у Дзяржынску, і пачала вазіць яе туды на электрычцы.

Мы ішлі пешшу ад дома да станцыі амаль гадзіну, а потым у Дзяржынску ад вакзала да школы столькі ж, пасля я тры гадзіны займалася, а мама мяне чакала. Дагэтуль не разумею, як яна гэта вытрымлівала. Напэўна, так могуць толькі мамы. Пазней яна здала на правы і купіла машыну, каб нам лягчэй было ездзіць на заняткі

Мастацкая школа адкрыла дзяўчынцы незвычайны свет мастацтва, напоўнены падарожжамі. Яна пачала ездзіць на міжнародныя конкурсы, канчаткова закахалася ў мастацтва і вырашыла звязаць з ім сваё жыццё. Ганна паставіла перад сабой мэту — паступіць у мастацкі каледж імя Глебава, і жыццё паднесла ёй падарунак: яна атрымала Гран-пры на міжнародным конкурсе ў Македоніі, стала лаўрэатам прэзідэнцкай прэміі і атрымала магчымасць быць студэнткай без экзаменаў.

“Я вучылася на спецыяльнасці «Жывапіс» і атрымала прафесію мастака-педагога. Пазней паступіла ў Акадэмію мастацтваў на прамысловы дызайн. Гэта зноў змяніла маё жыццё — дало новыя веды, захапленні і, у рэшце рэшт, прывяло ў сферу транспартнага дызайну. Пасля заканчэння акадэміі я пачала працаваць на МЗКТ вядучым дызайнерам. Магчыма, гэта не самая тыповая прафесія для жанчыны, але яна неверагодна цікавая”

З часам у жыцці Ганны з’явілася сям’я. Нарадзіўся першы сын, потым другі. Разам з гэтым змяніліся прыярытэты: кар’ерны рост саступіў месца раскрыццю ўласнага творчага патэнцыялу. Яна зноў пачала пісаць карціны. Як зазначае мастачка, часу не заўсёды хапае, але мастацтва па-ранейшаму застаецца яе часткай.

Ганне цікава спрабаваць сябе ў розных стылях і нават галінах мастацтва — гэта і дызайн, і жывапіс, і дэкор.

“Я заўсёды бяруся за любыя творчыя заказы, таму што ў іх ёсць асаблівая магія: спачатку ты глядзіш на задачу з панікай і думаеш, як гэта магчыма зрабіць? А потым, калі ўсё атрымалася, здзіўляешся — як гэта я змагла?”

Са слоў імянінніцы, карані такіх рысаў характару ідуць з дзяцінства. Яна вырасла ў атмасферы працы і пастаяннага руху. Бацькі ўсё рабілі сваімі рукамі — будавалі дом, дачу, стваралі прастору вакол сябе. Таму для яе натуральна самой шпакляваць сцены, рабіць рамонт, прыдумляць рашэнні і ўвасабляць іх у жыццё. Яна нават не ўяўляе, што можа быць інакш.

Аб шляху да веры і касцёла

Сувязь з касцёлам, як адзначае Ганна, пачалася яшчэ ў дзяцінстве. Дзяўчынка расла ў рэлігійнай каталіцкай сям’і, яе бабулі і дзядулі былі каталікамі, таму пытанне веры ніколі не стаяла. З ранняга ўзросту яна хадзіла ў касцёл разам з бабуляй. Гучыць неверагодна, але шлях толькі ў адзін бок складаў каля 12 кіламетраў! Прыходзілася ісці пешшу ці ехаць на ровары праз лес.

Я добра памятаю нядзельныя зборы: бабуля апранала нас у прыгожыя сукенкі, але на ногі прымушала абуваць старыя красоўкі або гумавыя боты, асабліва калі ішоў дождж. Мы ішлі праз лес, а ўжо каля пасёлка Поразава (гэта Гродзенская вобласць), дзе знаходзіўся касцёл, апраналі туфлі, боты ж хавалі ў кустах. І толькі потым — прыгожыя і ўрачыстыя — заходзілі ў касцёл. Гэта было сапраўднай падзеяй. Так пачыналася маё знаёмства з Богам

У старэйшых класах Ганна пачала наведваць катэхезу ў мінскай Катэдры. Яна стала для яе другім духоўным домам. Доўгі час яна ездзіла менавіта туды, але жыццё зноў прынесла перамены.

З нараджэннем дзяцей Ганна з мужам пабудавалі дом у Фаніпалі. Ездзіць у Мінск стала цяжка, таму было прынята рашэнне пазнаёміцца з касцёлам побач з домам. Яно далося няпроста, бо, як адзначае Ганна, ёй заўсёды цяжка рабіць крок у новае.

“Тут я нечакана знайшла сваё месца”

Пераломным момантам стала выпадковая гутарка з ксяндзом. Аднойчы падчас размовы перад хростам дзяцей ён задаў Ганне простае, але важнае пытанне: «Як ты праяўляеш сваю веру ў касцёле?». Яно глыбока кранула яе.

Ганна зразумела, што проста прысутнічаць на Імшы — гэта быццам выконваць пэўныя правілы, але не перажываць веру па-сапраўднаму. І тады яна прынесла ў касцёл тое, што ўмее лепш за ўсё — сваю творчасць. Цяпер Ганна разам з іншымі парафіянамі займаецца дэкорам. Нягледзячы на працу, сям’ю і клопаты, яна знаходзіць час, каб ствараць прыгажосць у касцёле.

Прыходзячы ў святыню, я больш не адчуваю сябе госцем. Я дома. І мая душа ўсё больш адкрываецца Богу

Аб марах і планах

Сёння галоўная роля Ганны — быць маці двух цудоўных хлопчыкаў. Старэйшаму сем, малодшаму — толькі год і дзесяць месяцаў. Але побач з гэтым жыве і другая яна — мастачка, для якой пэндзаль і фарбы сталі аддушынай.

Яна працягвае пісаць карціны. І маляваць разам з дзецьмі. Бо, кажа, назіраць за тым, як малюе дзіця — гэта як зазірнуць у яго свет: шчыры, вольны, бязмежны. Часта менавіта дзіцячыя малюнкі падказваюць ёй тэмы для новых работ.

А яшчэ ў Ганны ёсць мара. Сапраўдная. Такая, што сагравае.

“Мару адкрыць у нашым горадзе мастацкую школу. Прастору, дзе дзеці змогуць вольна тварыць, шукаць сябе і размаўляць са светам праз мастацтва”

Магчыма, зусім хутка мы ўбачым і новую карціну Ганны — яна працуе над палатном з нашым касцёлам.

Шаноўная Ганна! Прыміце самыя шчырыя віншаванні з Днём нараджэння! Ад імя парафіі жадаем творчага натхнення, спаўнення мар і божага благаслаўлення на кожны дзень!