Завяршыўся летні адпачынак нашых наймалодшых парафіян
Лета — самая любімая пара дзетак і моладзі. У гэты час усе абавязкі, што тычацца вучобы, саступаюць месца адпачынку. Але ад Бога канікул не бывае і быць не можа. Каб нашыя наймалодшыя парафіяне памяталі аб гэтым і не спыняліся ў паглыбленні сваёй веры, ксёндз-пробашч Дзяніс, бацькі і неабыякавыя вернікі арганізавалі спецыяльны летнік “Адпачынак з Богам”.
На працягу цэлага тыдня 26 дзетак разам з выхаваўцамі адпачывалі ў Ракаве пры парафіі Маці Божай Ружанцовай і Святога Дамініка. Адпачынак гэты быў не зусім звычайным, бо, акрамя гульняў і розных фізічных актыўнасцяў, быў напоўнены духоўнымі практыкаваннямі. Дзеткі мелі магчымасць разам маліцца на Ружанцы і Вяночкам да Божай Міласэрнасці, разважалі на тым, што такое добрыя ўчынкі і якімі яны павінны быць, паглыбляліся ў сэнс Божага Слова, славілі Пана сваім спевам і ўрачыстым удзелам у Святых Імшах.
У сапраўды сямейнай атмасферы кожны меў магчымасць прадэманстраваць свае таленты. Натхнёныя духам сяброўства, цеплыні і шчырасці дзеткі нават падрыхтавалі невялічкія тэатральныя прадстаўленні на тэму біблейскіх сюжэтаў.
Вялікі дзякуй нашым парафіянкам Вікторыі, Бажэне, Паліне і Ангеліне, якія ахвяравалі свой час, а таксама распрацавалі штодзённую праграму, каб кожнаму дзіцяці, незалежна ад узросту, было цікава. Таксама дзякуй Галіне і Ірыне за смачныя пасілкі і дапамогу.
Дзякуй святарам Дзянісу, Канстанціну і Валянціну за малітву і навуку.
Дзякуй бацькам, што не пабаяліся адпусціць дзяцей. Для некаторых з іх гэта быў першы вопыт адпачынку без мамы і таты.
Спадзяемся, гэты летнік надоўга застанецца ў сэрцы і думках нашых маленькіх парафіян, якія толькі пачынаюць свой шлях знаёмства з Богам, і прынясе свой багаты плён.
Запрашаем паглядзець некалькі кароценькіх відэа, каб адчуць атмасферу нашага летніка.