Дух Святы, прыйдзi!

Спасланне Святога Духа — адно з найважнейшых касцёльных свят. Нягледзячы на тое, што ўрачыстасць рухомая (дата ў календары залежыць ад Вялікадня), яна заўсёды прыпадае на росквіт вясны — у самую прыгожую пару года. Напэўна, па гэтай прычыне свята Спаслання Святога Духа мае таксама другую, не менш папулярную назву — Зялёныя святкі.
Урачыстасць Святога Духа у нашай парафіі распачалася малітоўным чуваннем і Святой Iмшой у вечар суботы. Дзеці, моладзь і старэйшыя парафіяне прасілі аб неабходных дарах Духа Святога, разважалі над тым, як Ён дзейнічае ў нашым жыцці.
У нядзелю Спаслання перад Iмшой памаліліся Літаніяй да Духа Святога, а падчас гаміліі кожны меў магчымасць засяродзіцца ў цішыні і дазволіць Святому Духу дзейнічаць у сабе.
Дзякуем усім, хто прычыніўся да супольнай малітвы. Асабліва нашым гасцям, якія сваім спевам упрыгожылі чуванне і ўрачыстую Iмшу.











