Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

«Касцёл — гэта перш за ўсё жывыя людзі»

25-10-2024

Калі крочыш па справах або проста ідзеш на шпацыр і мінаеш касцёл, часта заўважаеш, як гараджане спыняюцца ля брамы і фатаграфуюць святыню. Кагосці захапляюць жоўтыя дрэвы на фоне белых муроў, іншыя ловяць у аб’ектыў промні закатнага сонца, якія абдымаюць вежу, або незвычайнай формы аблокі, што плывуць над крыжамі. Пазней многія з гэтых здымкаў бачыш у соцсетках — і душа напаўняецца цеплынёй. Бог вялікі. Тры гады таму, у момант, калі касцёл у Фаніпалі меў патрэбу ў глытку свежага паветра, Ён накіраваў сюды ксяндза Дзяніса Шастаковіча. Па-чалавечы цяжка было паверыць, што глыбу цяжкасцяў і клопатаў, якая расла гадамі, можна ссунуць з месца. Але, натхнёны Святым Духам, святар згуртаваў парафіян і пераўтварыў занядбаны кавалачак зямлі ў аазіс…

— Ксёндз Дзяніс, Вы памятаеце момант, калі атрымалі прапанову стаць пробашчам у Фаніпалі?

— Я згадзіўся толькі з чацвёртага раза! Тры разы дагэтуль гучала ў мой бок такая прапанова, але я бараніўся рукамі і нагамі. Будаваў святыню ў Негарэлым, займаўся будаўлянымі справамі ва ўздзенскай парафіі і ведаў, наколькі гэта цяжкая справа. Не адчуваў, што маіх сіл дастаткова, каб узяцца яшчэ і за Фаніпаль. Але ў пэўны момант унутры быццам нешта змянілася. Ішоў 2021-ы год, прысвечаны Святому Юзафу, і я нечакана злавіў сябе на думцы, што ў Негарэлым, дзе я працаваў 14-ы год, мая місія скончана. Для гэтых людзей і гэтай парафіі я зрабіў усё, што мог. Час рухацца далей. Так я апынуўся ў Фаніпалі.

— Можаце ўзгадаць свае першыя пачуцці тут?

— Канешне! Прыехаў і, шчыра кажучы, быў у роспачы. Жылля няма. Касцёльны будынак такой складанай формы. Няма ніводнай часткі, якая была б даведзена да канца. За што брацца? З чаго пачынаць? Сеў на прыступках ля ўваходу і ледзве не заплакаў. Але рашэнне прынята, назад дарогі няма. Даверыўся Богу. Пачаў унікаць у справы, знаёміцца з парафіянамі — і разам крок за крокам пачалі рухацца наперад.

— Вы маеце дастаткова вялікі досвед у будаўніцтве святынь. У Негарэлым будаваць прыйшлося з нуля, у Фаніпалі ўжо былі фундамент і сцены. Што складаней: пачынаць або працягваць?

Касцёл гэта перш за ўсё жывыя людзі. Такое маё перакананне. Не можа быць так, што будуецца касцёл, а пасля ў ім з’яўляюцца вернікі. Спачатку супольнасць і толькі потым касцёл. Пры гэтым супольнасць павінна быць асэнсаванай. Не выпадковыя людзі, якія праз раз прыходзяць на Імшу, а свядомыя. Яны павінны мець патрэбу ў касцёле, той запал, які штурхае наперад. Я бачыў, што ў Фаніпалі гэтая прага ёсць у старэйшага пакалення. У тых, хто калісці з ксяндзом Станіславам Салатай пачынаў будаўніцтва. І гэта мяне абнадзейвала, бо, каб не было такога агеньчыку, было б цяжка. Будаўніцтва пачынаецца з людзей. Сцены будаваць складана, але значна цяжэй сабраць жывы Касцёл.

— На Ваш погляд, за тры гады, якія Вы ў Фаніпалі, ці змяніўся стан парафіяльнай супольнасці?

— Канешне, яна пашырылася, памацнела, стала больш актыўнай, але працаваць ёсць над чым. Існуе групка людзей, якія ў любой справе разам, а ёсць тыя, хто трымаюцца адасоблена і да канца не разумеюць сэнсу супольнасці. Ёсць таксама вялікі прабел у катэхетычных ведах. Многія вернікі не да канца ўсведамляюць сутнасць сакрамэнтаў. Напрыклад, Сакрамэнт Хросту. Прыйшоў, узяў, як у магазіне, а для чаго — не ведаю. Такі недасведчаны чалавек ніколі не аддасць сябе супольнасці. Пагэтаму патрэбна фармацыя. Я заўсёды заахвочваю парафіян да ўдзелу ў набажэнствах першай пятніцы і суботы. І тут ужо бачу зялёнае святло: людзі сталі на калені перад Езусам. А гэта значыць пачалося духоўнае напаўненне.

— Людзі, якія рэдка ўзаемадзейнічаюць са святаром, часам уяўляюць яго, як чалавека з сумным і аднастайным жыццём. А як выглядае Ваш звычайны дзень?

— Добры святар — выспаны святар. Але я доўга не сплю, устаю раніцай, як Дух Святы абудзіць. Затым — два абавязковыя пункты: малітва і кубачак кавы. Пасля раблю тое, што сабе загадзя распланаваў. Звычайна дзень на дзень не прыходзіцца, бо кожны раз з’яўляюцца новыя абавязкі. Еду ў якую-небудзь парафію на сустрэчу, запісваю евангельскія разважанні для Радыё Марыя, рыхтую разважанні для пілігрымак або для казання на Святую Імшу, вырашаю бытавыя справы — пералічваць можна шмат. Канешне, абавязковы пункт — Святая Імша. Сумаваць няма калі.

— Парафіяне, якія штонядзелі прыходзяць на Святую Імшу, захапляюцца Вашымі прамовамі падчас гаміліі. Як удаецца так трапна праз словы дастукацца да кожнага верніка?

Кожная прамова — дзейнасць Духа Святога. На якую тэму разважаць, падказваюць абставіны, у якія штодня трапляеш. Канешне, кожнай прамове папярэднічае доўгая падрыхтоўка. Яно так не працуе, што сеў — і ўсё хуценька напісалася. Шмат чытаю, слухаю, каб злавіць патрэбную думку. Бывае так, што шукаеш, але ўсё не тое, а тут раптам адна фраза цябе кране — і пайшло.

— Не было жадання стварыць блог, каб дзяліцца думкамі на больш шырокую аўдыторыю?

— Ой не. У мяне стрэс перад камерай. Я магу спакойна прамаўляць на шматтысячную аўдыторыю, калі стаю перад ёй і бачу яе, але не змагу нічога сказаць перад камерай. Не ведаю, чаму так. Напэўна таму, што цаню жывыя зносіны. Вельмі люблю арганізоўваць пілігрымкі, фэсты, спатканні. Мяне натхняе, калі людзі разам могуць памаліцца, паспяваць, пагутарыць адзін з адным. Як бы дзіўна не гучала, але ў камунікацыі мой адпачынак.

— У Вас ёсць хоббі?

— Складана вылучыць нешта адно. Хаджу ў басейн, калі ёсць час. Са школы люблю чытаць. Нядаўна, напрыклад, «Людзі на балоце» перачытаў, «Вазьму твой боль» таксама. Духоўнай літаратуры аддаю перавагу ў першай палове дня, а вось мастацкую пакідаю на вечар. Тэалагічная літаратура — гэта як бы працоўнае, прафесійнае, а мастацкая — для адпачынку. Вельмі люблю жывёл. Заўсёды стараюся дапамагчы пакінутым коцікам і сабачкам, накарміць, падлячыць, знайсці прытулак. Некаторы час нават узаемадзейнічаў з валанцёрамі, якія дапамагаюць жывёлам.

— Аб чым ксёндз-пробашч марыць? Ёсць штосці, чаго хацелася б больш за ўсё?

Складанае пытанне. Нейкія мары з маладосці пра штосці матэрыяльнае даўно выветрыліся. Апошнім часам з’яўляюцца думкі, што хацеў бы вярнуцца ў дзяцінства да сваёй бабулі. Я яе заўсёды называў «мой анёлак». Бацькі працавалі, а я ўвесь свой час праводзіў з ёй. Шчыра кажучы, вельмі хацелася б яе абняць. Напэўна гэта і ёсць мая мара…

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *