Каталікі Фаніпаля святкуюць Раство
Сёння, 25 снежня, каталікі ўсяго свету, а разам з імі і вернікі парафіі ў Фаніпалі, урачыста адзначаюць адно з галоўных хрысціянскіх святаў — Нараджэнне Хрыстова, ці Раство. Гэтаму дню папярэднічаў час адмысловай падрыхтоўкі да прыходу Збаўцы — Адвэнт.
Сэрцам святкавання стала ўрачыстая Пастэрка — Святая Імша апоўначы, якая нагадвае, што Бог прыйшоў да людзей не ў палацавай пышнасці, а нарадзіўся ў сціплай стайні маўклівай ноччу. Гэта служба мае асаблівую атмасферу. Парафіяне, як калісці пастушкі ў Бэтлееме, паспяшылі ў храм, упрыгожаны ялінкамі, гірляндамі і свечкамі, каб пачуць радасную навіну аб нараджэнні Збаўцы. На пачатку святочнай літургіі была асвечана фігурка маленькага Езуса, якую святар палажыў у загадзя падрыхтаваныя яслі — сімвал бэтлеемскай стайні.
Пасля Святой Імшы вернікі прывіталі адзін аднаго традыцыйнымі словамі «Хрыстос нарадзіўся! — Славім Яго!» і пачалі дзяліцца аплаткай — знакам прымірэння, прабачэння і братэрскай любові. Гэты момант асабліва важны для супольнасці, ён аб’ядноўвае людзей перад Богам.
Сённяшні дзень, 25 снежня, — працяг урачыстасцяў. У касцёле адбылася урачыстая дзённая Імша, дзе яшчэ раз прагучала радасная вестка аб нараджэнні Збавіцеля.
З нагоды свята свае віншаванні да парафіянаў і гасцей парафіі кіруе старшыня парафіяльнай рады Таццяна Кедо:
Паважаны ксёндз Дзяніс! Паважаныя парафіяне! Ад усяго сэрца віншую Вас са светлым святам Божага нараджэння. Няхай у Вашых сем’ях пануюць дабро і паразуменне. Няхай Вас суправаджаюць поспехі і росквіт. Няхай у жыцці знойдзецца месца для штодзённых добрых спраў, і, самае галоўнае, не губляйце веры. Бо менавіта яна – залог нашых перамог і аснова нашых надзей. Жадаю быць шчаслівымі і радаснымі кожны дзень, таму не забываем, што Пан Бог казаў даваць больш, чым браць, кахаць блізкага, а не толькі самога сябе. Дык няхай у гэтае свята мы ўсе будзем бліжэй адзін да аднаго, падорым родным і сябрам радасць ад сустрэч, успомнім тых сваякоў, якім не паспелі надаць належнай увагі. Няхай крыўды і смутка застануцца ў мінулым. Дарыце адзін аднаму святло божай любові і не забывайце, што ў гэты дзень нарадзіўся наш Збауца, які сваім жыццём і сваім уваскрашэннем даказаў усяму свету, што неабходна клапаціцца пра людзей больш, чым пра сябе. З Калядамі!












