Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Віншаванні ксяндза-пробашча з нагоды свята Божага Нараджэння

24-12-2025

Дарагія вернікі парафіі і людзі добрай волі!

Чарговы раз мы з вамі святкуем цудоўную падзею — нараджэнне Божага Сына. Кожны год мы рыхтуемся да свята, стараючыся больш глыбока ўсведаміць духоўны сэнс гэтай падзеі. Спадзяюся, што юбілейны 2025 год паспрыяў нашаму духоўнаму развiццю.

Гэты год быў багаты на шматлікія падзеі ў парафіі. Сярод іх — духоўныя практыкі, а менавіта адарацыя ў першыя пятніцы месяца і набажэнствы перапрашэння Безаганнага Сэрца Марыі ў першыя суботы, якія збіраюць што раз большую колькасць шанавальнікаў Сэрца Езуса і Сэрца Марыі. Радаснай падзеяй, безумоўна, было прыняцце Першай камуніі малодшымi вернікамi. Нашыя парафіяльныя ўрачыстасці ў гонар Сэрца Езуса і Сэрца Марыі таксама сабралі не толькі мясцовых вернікаў, але і шмат гасцей з іншых парафій. Катэхезы для дарослых садзейнiчалi паглыбленню веры. Ну і, канешне, юбілейная пілігрымка ў вечны горад Рым, падчас якой мы разам з iерархамі нашай краіны і з сотнямі пілігрымаў з нашай Бацькаўшчыны маліліся ў базыліцы Святога Пятра.

Узгаданыя моманты сведчаць аб тым, што Дух Божы жыве і дзейнічае ў парафіі, а вернікі ім жывуць. Таму хочацца пажадаць кожнаму з вас, каб не пераставалі шукаць Бога. Той, хто шукае, — жыве! Дзіцятка, што нарадзілася ў Бэтлееме, — гэта Сын Божы, які прынёс любоў Айца і засведчыў аб ёй, не выракаючыся нават тады, калі мы Яго ўкрыжавалі. Божае Нараджэнне — гэта не гісторыя, прыдуманая для дзяцей, як нас намагаліся пераканаць. Гэта надзея чалавецтва, сэнс чалавечага жыцця. На жаль, мы — вернікі — не заўсёды паслядоўныя ў нашым жыцці, але будзем прыкладаць намаганнi, каб спаткацца з Богам. Калі вашы дзверы будуць адчыненымі, штосьці вялікае здарыцца і ў вашым жыцці. Як і калі гэта адбудзецца — мы не ведаем. Гэта ведае толькі Бог, які чакае кожнага ад моманту нараджэння.

Жадаю перажыць захапленне пастухоў перад абліччам анёлаў, якія ўначы абвясцілі нараджэнне Збаўцы. Жадаю адправіцца ў дарогу разам з пастухамі, каб шукаць Яго. Гэта асаблівы час, калі можна спаткаць Збаўцу. Няхай Божае Нараджэнне стане новым спатканнем з прыгожым і вечным.

Радаснага святкавання Божага Нараджэння і шчаслівага новага 2026 года!

Ксёндз-пробашч Дзяніс Шастаковіч, MSF