Каталікі Фаніпаля святкуюць прыход Збаўцы
Божае Нараджэнне – адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў. Яго святкаванне традыцыйна распачынаецца Імшой-пастэркай, якая цэлебруецца ўначы. Яна ўвекавечвае чуванне пастухоў, якія маліліся ў Бэтлееме і чакалі нараджэння Езуса.
На пачатку гэтай Імшы ў нашай парафіі святар асвяціў фігурку маленькага Езуса і паклаў яе ў загадзя падрыхтаваныя вернікамі яслі. Робіцца гэта на знак таго, што Збаўца нарадзіўся ва ўбогай стайні, бо не знайшлося Яму іншага месца.
Пасля Эўхарыстыі вернікі, як члены адной вялікай сям’і дзяцей божых, падзяліліся аплаткам і склалі адзін аднаму святочныя віншаванні.
На наступны дзень, 25 снежня, наймалодшыя парафіяне прадставілі невялічкае тэатралізаванае выступленне з нагоды свята Божага Нараджэння.
Дзякуем усім, хто прыняў удзел у супольнай малітве! Асаблівая падзяка дзеткам, моладзі, якія шмат рэпетыравалі і рыхтаваліся, каб зрабіць святочны дзень яшчэ больш урачыстым, а таксама Вікторыі і Паўлу Сучынскім, якія распрацоўвалі ідэю і з энтузіязмам увасаблялі яе ў жыццё!
Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго!