Віншаванні ксяндза-пробашча са святам Божага Нараджэння і надыходзячым Новым Годам
Дарагая парафіяльная сям’я, шаноўныя госці!
Вось мы ізноў дачакаліся святочнай радасці з нараджэння Езуса Хрыста! І хоць гэтыя святы нам у чарговы раз даводзіцца сустракаць у падмурках касцёла, але гэта не паменшыць нашай радасці і шчасця, бо яны з’яўляюцца плёнам веры, якая не залежыць ад абставін і ўмоў, але ад ласкі Божай і адкрытага сэрца.
А наша радасць у гэтыя святы падвойная, бо шмат удалося зрабiць на працягу гэтага года у розных напрамках. Па-першае, мы сталі яшчэ бліжэй адзін да аднаго, нас усix аб’ядноўваюць шматлiкiя справы, звязаныя з будовай касцёла. Па-другое, у парафіі расце колькасць маладога пакалення, якое будзе пераймаць тое, над чым мы цяпер руплівімся. Па-трэцяе, з Божай дапамогай нам удалося рэалізаваць шмат планаў, звязаных з будовай святыні, хаця часам, шчыра кажучы, у мяне з’яўляліся сумневы, цi зможам мы ўвогуле штосьцi зрабiць.
Мы маем досвед таго, што паўстае не толькі касцёл, але і мы змяняемся, узрастаем і асвячаемся. Жадаю кожнаму з вас, каб падчас гэтых святаў вы яшчэ мацней змаглі адчуць шчасце і сапраўдную радасць ад таго, што Бог сярод нас.
Заахвочваю заўсёды працаваць на хвалу Пана. Спадзяюся, што ў наступным 2024 годзе мы не будзем запавольвацца ў справах, звязаных з будовай нашага касцёла, а таксама і ў іншых, і ў хуткiм часе будзем праслаўляць Госпада ў нашай святынi.
Са святам! З Божым Нараджэннем! З Новым 2024 годам!
Кс. Дзяніс Шастаковіч