Месца, дзе жыве цуд: нататкі пра падарожжа да святыняў Францыі
Хачу падзяліцца з нашай парафіяльнай супольнасцю момантамі свайго дзіўнага падарожжа па Еўропе. Дзіўнага таму, што пабывала ў сапраўды значных для каталіцкага касцёла месцах, а таксама таму, што ніколі нават не марыла туды трапіць, але Бог так пакіраваў.
12 дзён падарожжа. 6300 км. Некалькі краін і шмат гарадоў. І ўсё гэта дзеля таго, каб трапіць да Маці Божай у Лурд, Францыя.
Лурд вядомы ва ўсім свеце, дзякуючы Санктуарыю, які штогод наведвае некалькі мільёнаў католікаў. На яго тэрыторыі знаходзіцца грот Масаб’ель, дзе ў 1858 годзе мясцовай 14-гадовай дзяўчынцы Бернадэцце Субіру з’явілася Божая Маці. Бернадэтта спачатку нават не зразумела, што гэта за прыгожая Пані, уся ў белым, з ружамі на ступнях. Вельмі цікава гэта гісторыя перадаецца ў фільме «Песня Бернадэтты» (1943), які ёсць на ютубе. Раю паглядзець, каб зразумець, чаму столькі пілігрымаў штодзень прыбываюць у гэта святое месца. Праўду сказаць, я сама даведалася і пра Бернадэтту, і пра святую ваду, і пра грот толькі ў пілігрымцы. Хаця пра Лурд, канешне ж, чула раней.




Апісаць усе свае пачуцці і ўражанні досыць цяжка. Але магу сказаць, што гэта месца напаўняе Божай ласкай, дазваляе дакрануцца тых скалаў, дзе стаяла Маці Божая, і адчуць духоўна неймаверную моц і прысутнасць Святога Духа.
Мы наведалі купальню, куды трапілі толькі на другі дзень. Вялікая колькасць людзей стаіць па некалькі гадзін у чарзе, каб трапіць туды. Мамы прыводзяць сваіх немаўлятак, валанцёры вязуць у вазочках хворых і старых людзей. Ужо падыходзячы бліжэй да купальні, перадаюць мікрафон, каб кожны па чарзе маліўся «Вітай, Марыя» на сваёй роднай мове. Людзі там з усяго свету — Еўропа, Кітай, Карэя, Японія, Бразілія і многія-многія іншыя краіны.
У Лурдзе мы былі 2 дні. Кожны вечар бліз Санктуарыя праводзіцца працэсія з фігуркай Божай Маці Лурдскай. Падчас працэсіі людзі ідуць са свечкамі і пад словы песні «Ave, ave, ave Maria» падымаюць свечкі ўгору, нібы факелы, што аж дух захватвае, і моляцца на ружанцы на розных мовах. Мы былі ў захапленні ад святочнай атмасферы, але крыху засмуціліся, што ружанец гучаў на многіх мовах, але беларускай не было. Мабыць, Божая Маці пачула наш смутак і зрабіла так, што на наступны дзень беларуская мова ўсё ж загучала!!! на ўвесь Лурд! Пішу — і слёзы на маіх вачах, бо менавіта мне і яшчэ адной дзяўчыне даручылі прачытаць «Вітай, Марыя» ў мікрафон перад тысячамі і тысячамі прысутных з усяго свету! І гэта падзея, як высветлілася пазней, адбылася тут упершыню!
Мы, беларускія пілігрымы, вельмі ганарымся і радуемся, што так сталася, дзякуем Богу за такую магчымасць і з радасцю дзелімся з усімі вамі!
Дарэчы, праз пару дзён пасля нас у Лурд завітаў Папа Рымскі, мы з ім крыху размінуліся.




У кожным з гарадоў мы па магчымасці наведвалі святыні, слухалі арган, удзельнічалі у святой імшы. Але акрамя Лурда мяне моцна ўразілі яшчэ дзве мясціны, і гэта нават не гарады. Гэта Ла-Салет і Арс.
Ла-Салет — горная вёсачка, якая знаходзіцца высока ў Альпах — 1800 м над узроўнем мора. Падымаліся туды па серпанціне, назіралі і ўміляліся сотнямі авечак, якія пасуцца ў гарах, як калісьці пасвілі іх дзеці — хлопчык і дзяўчынка з бедных сямей, але менавіта іх выбрала Святая Панна і паявілася перад імі. З’яўленняў было некалькі, падчас аднаго з іх Панна Марыя плакала і давала наказ людзям, каб трымаліся Божых запаведзяў, адмовіліся ад працы ў нядзелю, пакаяліся і больш маліліся.
Мяне вельмі ўразіла, што гэтыя аб’яўленні адбываліся ўсяго 180 год назад, зусім нядаўна.
І хоць Ла-Салет з’яўляецца вёскай, акрамя Нотр-Дам-дэ-ла-Салет і гатэля для прыезджых, там нічога няма. У інтэрнэце пішуць, што насельніцтва вёскі складае каля 68 чалавек, і яны рассыпаныя ў гарах.
Таксама ўвечары давялося прыняць удзел у працэсіі са свечкамі, і зноў жа Бог мяне благаславіў, і я нясла вялікі факел напачатку працэсіі з яшчэ двума ўдзельнікамі нашай пілігрымкі.
У мяне з’явілася мара прыехаць у Ла-Салет калі-небудзь і пабыць там хаця б тыдзень. Горы, цішыня, супакой. Там хочацца проста быць, маліцца, медытыраваць, разважаць. Дарэчы, што Лурд, што Ла-Салет цудоўна функцыяніруюць, дзякуючы валанцёрам з усяго свету. Абсалютна любы католік можа па жаданні прыехаць і застацца на любы перыяд часу, несучы служэнне Богу і людзям.
У Ла-Салет знаходзіцца магіла Св. Яна Берцьера, заснавальніка ордэна місіянераў святой сям’і, да якога належыць наш ксёндз-пробашч Дзяніс. Ён прасіў мяне памаліцца ля магілы святога, што я з радасцю здзейсніла і даслала фотаздымкі.







Арс — яшчэ адна знакамітая французская вёска. Там жыў і служыў каталіцкі святар Ян-Марыя Віянэй. Вялікім шчасцем было пабываць у доме, дзе жыў будучы святы, адчуць тую атмасферу, у якой ён служыў і змяняў людзей да лепшага. Вельмі падрабязна і цікава пра яго жыццё распавядаецца ў кнізе «Победивший дьявола». Раю пачытаць.





Пра гэту пілігрымку можна гаварыць шмат. Думаю, кожны атрымаў ад яе духоўныя плёны. У кожным святым месцы я малілася за нашу парафію, за ксяндза Дзяніса і ўсіх беларускіх святароў. І з радасцю падзялюся святой вадой з Лурда, якую праз тысячы кіламетраў спецыяльна прывезла для нашых фаніпальскіх католікаў.
P.S. У Лурдзе цудоўна, але не будзем забываць пра святыя месцы, куды не трэба ехаць праз тысячы кіламетраў, напрыклад, пра наш Будслаў! Бо там таксама было аб’яўленне Маці Божай, туды таксама ідуць і едуць пілігрымы, там таксама неймаверная атмасфера падчас працэсіі са свечкамі…