Парафіяне з Фаніпаля зладзілі супольны пікнік пасля нядзельнай малітвы

Асеннім нядзельным ранкам парафіяне касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі традыцыйна сабраліся на Святой Імшы, якой папярэднічала малітва на ружанцы. Пасля супольнага набажэнства сем’і парафіі, а таксама ўсе жадаючыя перамясціліся ў падвал на так званы пікнік, каб правесці час разам у нефармальнай атмасферы. Зладзіць адпачынак на вуліцы, як гэта планавалася раней, не дазволіў дождж, але дрэннае надвор’е не перашкодзіла добраму настрою.
Мэта супольнага адпачынку, ідэя і рэалізацыя якога галоўным чынам належаць ксяндзу-пробашчу, Вікторыі Сучынскай, Юліі Францкевіч, Анастасіі Міцкевіч, – бліжэй пазнаёміцца адзін з адным, добра правесці час і яшчэ больш згуртавацца, як парафіяльная сям’я. Быў прыгожы стол з прысмакамі, цікавыя размовы (кожная сям’я распавяла пра сябе і свой шлях да касцёла), гучала музыка. Юля зарганізавала цікавую гульню, у якой паўдзельнічалі ўсе – ад самых маленькіх парафіян да старэйшага пакалення. Атрымалася вельмі ўтульна і па-сямейнаму.
Дзякуем усім, хто адгукнуўся і згадзіўся правесці нядзелю ў такім новым фармаце. Асаблівая падзяка ксяндзу Дзянісу, які ў чарговы раз аб’ядноўвае вернікаў і вучыць быць разам.











