Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Вернікі з Фаніпаля прынялі ўдзел у пілігрымцы на Браслаўшчыну

29-09-2024

28 верасня, у суботу, адбылася аднадзённая пілігрымка “У край блакітных азёр”. Раніцай ад фаніпальскага касцёла ў напрамку Браслава вырушыў аўтобус з вернікамі, якіх згуртавала прага супольнай малітвы і жаданне пазнаёміцца са славутасцямі нашай Бацькаўшчыны.

Духоўны апякун пілігрымкі – пробашч парафіі ў Фаніпалі кс. Дзяніс Шастаковіч. Ён ужо не першы раз збірае вернікаў, каб праз падарожжа разам пазнавалі Бога і Беларусь.

Першым прыпынкам на маршруце стаў горад Глыбокае. Вернікі наведалі касцёл, а таксама спусціліся ў падзямелле царквы. Некалькі стагоддзяў яно служыла магільным склепам для манахаў-кармелітаў.

Далей вернікі накіраваліся ва Удзела і Мосар. У Мосары наведалі касцёл Святой Ганны, вядомы ва ўсёй Беларусі сваёй прыкасцёльнай тэрыторыяй. На ей раскінуўся дагледжаны і вялікі парк з мноствам штучных вадаёмаў, фігурак, фантанаў і сцяжынак, рэдкіх відаў раслін і кветак.

Наступным прыпынкам на паломніцкім шляху стаў Браслаў. У Санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў цэлебравалася Святая Імша. Вернікі разам з ксяндзом Дзянісам маліліся перад цудоўным абразом Маці Божай — адной з хрысціянскіх святынь Беларусі.

Фінальнай кропка стала наведванне касцёла Сэрца Езуса ў Слабодцы.

Дзякуем усім, хто далучыўся да гэтай пілігрымкі. Варта адзначыць, што сярод пілігрымаў былі не толькі вернікі з Фаніпаля, але і з іншых мясцовасцей – Дзяржынску, Узды, Бабруйску, Івянца, Ліды. Заахвочваем парафіян з Фаніпаля быць больш актыўнымі ў падобных справах. Тое, што з намі вандруюць прадстаўнікі іншых парафій, захапляе, але і крышку засмучае, бо наша парафія не такая маленькая, а сабраць поўны аўтобус вернікаў складана. Пілігрымкі – гэта не толькі дарога і малітва. Гэта размовы, знаёмствы, жарты, супольны пасілак. Яны ўмацоўваюць нашу супольнасць, надаюць ей сямейную атмасферу. Запрашаем у наступны раз знайсці час і пакаштаваць, што гэта такое:)