Сёння свой Дзень нараджэння адзначаюць Паліна і Яна. Віншуем!
Сёння наша вялікая парафіяльная сям’я віншуе з Днём нараджэння дзвюх прыгожых, юных, творчых і актыўных парафіянак – Паліну і Яну!!!
Гэта якраз той рэдкі выпадак, калі ўзрост парафіі і ўзрост імяніннікаў практычна супадаюць. А гэта значыць, што нараджэнне дзяўчынак у цудоўнай сям’і Марыны і Аляксандра Рашэтнікаў – сапраўдны Божы дар! Марына Мар’янаўна і Аляксандр Міхайлавіч стаялі ля вытокаў стварэння нашай супольнасці і будаўніцтва касцёла ў Фаніпалі.
Дзяўчынкі разам з бацькамі – сведкі ўсіх (нават самых складаных) этапаў станаўлення парафіі на фаніпальскай зямлі. І Пан Бог шчодра ўзнагародзіў іх! За адданасць Яму і людзям, за вернасць і шчырасць, за жаданне дзяліцца сваімі талентамі і верай. Кожны раз на душы становіцца святлей, калі падчас Святой Імшы мы чуем іх цудоўны спеў, калі бачым Паліну і Яну, прымаючых удзел практычна ва ўсіх актыўнасцях нашай супольнасці. Яны не цураюцца ніякай працы, заўседы адклікаюцца на розныя прапановы, праяўляюць творчасць і крэатыўнасць.
Дарагія Паліна і Яна! Вельмі сімвалічна, што ў гэты дзень нараджэння вы атрымліваеце цёплыя словы віншаванняў не толькі ад сваіх равеснікаў. Сёння вас віншуюць людзі на многа за вас старэйшыя! Вы сталі блізкімі не толькі для сваякоў, але і для зусім незнаёмых вам людзей. Хіба гэта не цуд?! Вы – тыя зорачкі на небасхіле, якія вабяць нас і грэюць сваей прысутнасцю!
Няхай ваша маладосць натхняе нас усіх, а Пан Бог далей вядзе сцежкамі жыцця, дапамагаючы і аберагаючы!
Парафіяльная супольнасць “Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі” ў Фаніпалі атуляе вас і вашых бацькоў сваёй супольнай малітвай!