Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Віншуем з юбілеем парафіянку Ванду Станіславаўну!

03-02-2024

Той дзень прапаў і страчаны навекі,

Калі ты не зрабіў таго, што мог,

Калі не наведаў ты касцёла,

І не ўсім старанна дапамог…

Кожны дзень, у любую пару года, у святы і будні на першай лавачцы ў нашым касцёле можна ўбачыць мілавідную, шчырую душой і сэрцам жанчыну Ванду Станіславаўну Тодрык. Ідзе час, мінаюць дні, пралятаюць гады, а Ванда Станіславаўна застаецца нязменнай: шчырая, адкрытая, верная Богу і людзям.

Адкуль такая веліч і моц духа? Канечне ж ад Бога! А яшчэ з сям’і, ад бацькоў, ад роднай хаты і зямелькі.

Дзяўчынка Ванда нарадзілася ў вялікай дружнай сям’і (яна налічвала 11 дзяцей!) на хутары ля вёскі Вялікія Навікі Стаўбцоўскага раёна. Божае слова заўседы гучала ў хаце. Вялікая павага да бацькоў, руплівая праца, узаемадапамога, наведванне каплічкі (а пры магчымасці і старажытнага касцёла ў Рубяжэвічах) – падмурак, на якім выхоўваліся дзеці.

Старэйшыя гадавалі малодшых, бацькі вучылі жыццёвай мудрасці. Ванда Станіславаўна ўзгадвае, што ім на вяселлі падарылі 3 рублі, з гэтага і пачалася новая сям’я. Наша парафіянка заўседы з удзячнасцю і гонарам успамінае сваіх бацькоў, шматлікую радню. Яна – тая планета, вакол якой усе збіраюцца. Новыя маладыя сем’і атрымлівалі пуцёўку ў дарослае жыццё менавіта ў двухпакаёвай кватэры Ванды Станіславаўны ў Фаніпалі. Калі вялікая сям’я збіраецца разам, першае слова давяраецца Вандзе Станіславаўне. І гэта абавязкова Божае слова: віншаванне, благаслаўленне, спачуванне… Для кожнага знаходзіцца час, уменне выслухаць і падтрымаць.

Вось такога цудоўнага чалавека мы маем, цэнім, шануем і віншуем у нашай парафіі!

Шаноўная Ванда Станіславаўна! Прыміце ад усіх нас, вернікаў, словы падзякі ў дзень юбілею. Дзякуем за дабрачынную актыўнасць, за бескарыслівую хрысціянскую любоў да бліжняга, за духоўную падтрымку, за шчырыя малітвы! Удзячны, што Вы знаходзілі час, сілы і магчымасць, каб дапамагчы іншым, наведаць касцёл, падтрымаць нашу парафіяльную сям’ю і словам, і справай.

Просім для Вас Божага благаслаўлення, апекі Дзевы Марыі і заступніцтва усіх Святых.

Мы шчыра жадаем у дзень юбілею

Хай святасць і вера сэрца сагрэюць.

Хай добрыя весткі прыходзяць у хату

І стол на прысмакі будзе багаты.

Яшчэ мы жадаем здароўя без лекаў,

Дабра і спакою і доўгага веку.

Няхай абмінаюць бяда і трывога

І гладкай жыццёвая будзе дарога!