Сёння наша парафіянка Наталля святкуе юбілейны дзень нараджэння. Віншуем!

Першы месяц лета ў нашай парафіі выдаўся багатым на святочныя падзеі і віншаванні. З радасцю працягваем віншавальную эстафету і даручаем божай апецы чарговую імянінніцу — Наталлю Мельнікаву. Сёння яна адзначае свой юбілейны дзень нараджэння.
Напэўна, многія парафіяне добра ведаюць гэтую дзяўчыну, дзякуючы яе голасу. Наталля заўсёды гатова заспяваць псальм, або падтрымаць супольны спеў падчас Святой Імшы. Крышачку распавесці пра імянінніцу і, тым самым, бліжэй пазнаёміць з ёй парафіяльную супольнасць згадзілася Ларыса Міхайлаўна Мурашка — арганістка парафіі.
“Наталлю памятаю яшчэ дзяўчынкай-падлеткам. У той момант наша парафія толькі пачынала адраджацца. Ужо тады гэтая дзяўчынка мела моцную веру, прыгожа спявала і ведала шмат касцёльных спеваў. Калі пробашч ксёндз Станіслаў прывёз нам музычны інструмент, з’явілася магчымасць спрытней развучваць спевы. Але ў нашых спеўніках не было нотаў. І, пакуль спеўнікі з нотамі не з’явіліся, мы з Наташай распрацавалі такую схему: яна спявала, а я запісвала мелодыю нотамі. Так паволі ствараўся наш першы парафіяльны спеўнік. Зараз Наталля сваім прыгожым голасам праслаўляе Пана, спяваючы псальмы, а мы радуемся за яе”.



Шаноўная Наталля! У гэты святочны дзень жадаем Божага благаслаўлення, шчодрых дароў Святога Духа, апекі Найсвяцейшай Маці, сілы і нястомнасці на шляху службы Богу і людзям. Далучаемся да радкоў, якія ў ваш гонар даслала Ларыса Міхайлаўна.
Наталля!
Пэўна, ад стройнай бярозкі напеўнай
Стан у цябе каралеўны.
Можа, ад чэрвеньскай спелай суніцы
Вусны ў цябе — медуніцы.
І ад шматколернай дзіўнай вясёлкі
Голас і спеў такі звонкі!
Пэўна ж, ад ранку празрыстага, светлага
Ззяеш усмешкай прыветнай.
Хай табе, нібыта промняў на сонцы,
Лёс нагадае зязюля бясконцы,
Сэрца хай б’ецца нястомнай крыніцай,
Шчасце грыміць маладой навальніцай.
Зычым табе ў твой юбілей
Толькі дабра і цяпла надалей!