Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Віншуем з юбілеем парафіянку Валянціну!

15-06-2024

Сёння прыгожы юбілей святкуе Валянціна Іванова. Кожны, хто наведвае касцёл у Фаніпалі, напэўна, не раз сустракаўся вачыма з гэтай сціплай жанчынай. Яна заўсёды на сваім пасту — ля століка пры ўваходзе. Спадарыня Валянціна рупліва выконвае роль дзяжурнага ў нашай святыні і сочыць за жыццём парафіяльнага кіёску.

Але гэта толькі кропля тых справаў, якім прысвячае сваё жыццё імянінніца. Валянціна — клапатлівая жонка, маці двух сыноў, тройчы бабуля і… начальнік цэха інкубацыі агракамбіната “Дзяржынскі”. У яе руках будучыня цэлай птушкафабрыкі! Апрача гэтага, яна гаспадыня прыгожага дому, які патанае ў кветках і экзатычных раслінах, а таксама аматар вышыванкі. Дом пані Валянціны ўпрыгожваюць майстэрска выкананыя работы, якіх хапіла бы на цэлую карцінную галерэю.

Пры гэтым наша імянінніца заўсёды ў касцёле. Яна адказвае за ўборку святыні, вядзе суполку Дапамогі душам чыстцовым, апекваецца прыкасцёльнай тэрыторыяй. Трэба выйсці на суботнік, прыгатаваць пачастунак, узяць удзел у якім-небудзь мерапрыемстве — для Валянціны не існуе слова “не”. Такое ўменне знаходзіць час на ўсё — сапраўдны Божы дар.

Шаноўная Валянціна Іванаўна! Парафіяльная сям’я, да якой вы належыце, цешыцца з вашай прысутнасці сярод нас. У сучасным імклівым і мітуслівым свеце людзі часта скардзяцца, што ім не хапае часу — для сябе, бліжняга, сям’і, Бога. Вы — доказ таго, што ўсё магчыма. Няхай кожная ваша паслуга прыносіць багаты плён. Жадаем нязгаснага запалу, добрых і зычлівых людзей на жыццёвым шляху, доўгіх гадоў жыцця і супакою ў сэрцы. Хай кожны дзень будзе асвечаны прамянямі Божай міласэрнасці!