Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Вернікі Фаніпаля адзначылі ўрачыстасць тытулу касцёла

08-06-2024

Касцёл у Фаніпалі носіць падвоеную назву: Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі. Па гэтай прычыне свята тытулу касцёла, або парафіяльны адпуст ці фэст, святкуецца на працягу двух дзён. Яны заўсёды прыпадаюць на пятніцу і суботу пасля актавы Божага Цела. У гэтым годзе святкаванні адбыліся 7 і 8 чэрвеня.

Святочныя ўрачыстасці распачаліся ў пятніцу выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і ціхай адарацыяй. У парафіі ўжо каля паўгода трывае традыцыя ўшаноўвання першых пятніц месяца. А 15-й гадзіне, у момант, калі Езус канаў на крыжы, адбываецца выстаўленне, пасля вернікі, змяняючы адзін аднаго, у прыватнай малітве адаруюць Найсвяцейшы Сакрамэнт да вячэрняй імшы.

Затым ціхая адарацыя змянілася адараваннем Жывога Бога з разважаннямі, малітвамі да Сэрца Езуса і спевамі. Кульмінацыяй урачыстасці стала святочная Эўхарыстыя, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх, нягледзячы на стан здароўя і фізічныя цяжкасці, прыняў запрашэнне ксяндза-пробашча і завітаў у Фаніпаль, каб маліцца разам з тутэйшымі вернікамі ў такі важны для іх дзень. Парафіяне прывіталі арцыпастыра ля крыжа, суправадзілі да касцёла, дзе распавялі доўгую і няпростую гісторыю будаўніцтва святыні.

*Здымкі Анастасіі Міцкевіч і Ганны Шаўцовай

Падчас гаміліі арцыпастыр разважаў аб любові, якой так патрабуе свет, і нагадаў, што сапраўдная крыніца міласці — у Сэрцы Езуса. “Ваша парафія стаіць побач з аўтастрадай, па якой штодня едуць тысячы машын. А ў іх людзі — стомленыя, заклапочаныя, засмучаныя, у пошуках шчасця. Ніхто з іх нават не задумваецца, што месца, дзе ўсё гэта лечыцца, вось тут, побач”, — зазначыў іерарх.

Завяршыўся першы дзень святкавання ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла.

У суботу, 8 чэрвеня, Касцёл успамінае Беззаганнае Сэрца Марыі. Для вернікаў парафіі ў Фаніпалі – гэта другі дзень парафіяльнага адпусту. Святочнай Імшы, на якой сабралася шмат парафіян і гасцей, папярэднічаў Фацімскі ружанец. Эўхарыстыю ўзначаліў ксёндз-канонік Ігар Лашук — дзекан Стаўбцоўскага дэканату, да якога належыць фаніпальская парафія. Галоўны цэлебрант нагадаў вернікам аб важнасці мацярынскай любові. Як маці любіць сваё дзіця, народжанае ў муках, так і Марыя, пад мацярынскую апеку якой Езус аддаў увесь люд божы, любіць кожнага чалавека.

У другі дзень свята парафіяне асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыіі Алены Протас — старшыні касцёльнага камітэта, якая святкавала свой юбілей. Вернікі шчодра адарылі імянінніцу словамі падзякі, віншаваннямі і падарункамі.

Таксама адметнай падзеяй фэсту стаў візіт хору з парафіі Святога Роха на Залатой Горцы. Яго удзельнікі напоўнілі святыню сваім кранаючым спевам і зрабілі ўрачыстасць яшчэ больш узнёслай.

Малітоўная частка змянілася забаўляльнай. Парафіяне перамясціліся на прыкасцёльную плошчу, дзе іх чакаў шацёр з пачастункамі, прыгатаванымі мясцовымі гаспадынямі. У гэтым годзе ў нашай парафіі ўпершыню адбыўся конкурс на лепшы пачастунак, у якім перамагла Марыя Крайко. Віншуем нашу гаспадыньку! Пад’еўшы, можна было паспяваць (або паслухаць іншых), патаньчыць і добра правесці час у коле парафіяльнай сям’і.

Дзякуем Богу за гэтыя два насычаныя малітвай і адпачынкам дні!

Вялікі дзякуй святарам, якія прыбылі да нас, каб супольна маліцца: кс. Аляксандру Уласу, кс. Міколе Гракаву, кс. Паўлу Эйсманту, кс. Валянціну Станкевічу, кс. Ігару Лашуку, кс. Аляксандру Вітко, кс. Віталію Цыбульскаму, кс. Аляксандру Фаміных.

Чакаем усіх у наступным годзе 🙂