“Цяпер я разумею: такой была Божая воля”
Касцёл у Фаніпалі будуецца амаль 20 год. За гэты даволі вялікі па мерках чалавечага жыцця адрэзак часу раслі муры, мяняліся святары, фармавалася новае пакаленне вернікаў, змяняўся сам горад. Нязменнай жа застаецца адданасць, з якой старшыня касцёльнага камітэту Алена ПРОТАС выконвае абавязкі, што ўсклала на сябе яшчэ тады, калі касцёльны будынак існаваў толькі ў марах парафіян.
“Будзем разам” — дэвіз, які сёння ведае, бадай, кожны парафіянін, належыць Алене Эдуардаўне. З ім яна рашуча ішла насустрач перашкодам і рабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб у Фаніпалі паўстала святыня. Яго ж імкнецца перадаць моладзі, нястомна паўтараючы, што супольнасць — гэта моц.
8 чэрвеня пані Алена святкуе юбілей. З гэтай нагоды яна і тыя, хто быў побач, згадзілася аддацца ўспамінам.
Алена Эдуардаўна, як жыццё прывяло вас у Фаніпаль? Што ў той час уяўляла сабой мясцовая парафія?
Мы з мужам паходзім з Мядзельшчыны, а ў Фаніпаль трапілі ў 2002 годзе. Як сям’я ваеннаслужачых пабудавалі кватэру. Пераезд ва ўзросце даўся мне вельмі цяжка. Змена працы, адсутнасць сяброў і блізкіх… Паратункам стаў касцёл. Калега паказала мне гнілую хатку, дзе тады праводзіліся набажэнствы. Некалькі дзесяткаў чалавек, хворы ксёндз Станіслаў Салата (заўв. — Пробашч парафіі ў Фаніпалі з 2003 па 2009 гг.) — стан супольнасці на той момант быў вельмі бядотны.
У снежні 2003 года, калі была зарэгістравана парафіяльная супольнасць, вас выбралі старшынёй касцёльнага камітэту. Як адважыліся на такі сур’ёзны крок?
Калі прапанавалі ўзначаліць гэтую супольнасць, я асабліва не вагалася. Чаму? Не ведаю. Безумоўна, не ўяўляла да канца “размах” таго, з чым прыйдзецца сутыкнуцца, але ад людзей, што былі побач, і асабліва ад ксяндза сыходзіла нейкая незвычайная моц. Яна, пэўна, і дадала рашучасці.
Ці можаце ўзгадаць самы цяжкі момант, які давялося перажыць на гэтай пасадзе?
Гэта наведванне судовага паседжання з ксяндзом Сяргеем Дабрагостам (заўв. — Пробашч парафіі ў Фаніпалі з 2009 па 2021 гг.). На ім вырашаўся лёс кавалка зямлі, дзе павінна была паўстаць святыня. Мясцовыя жыхары хацелі, каб тут з’явіліся склепы для захоўвання гародніны. Аднак, суд адмяніў рашэнне аб іх будаўніцтве. Пасля гэтага паседжання перад вачыма яшчэ доўга стаяла клетка ў судовай зале.
Да слова, “вайна” з паграбамі была працяглай. Гэты перыяд бы сапраўды вельмі складаным, і цікава, што менавіта тады ў нас з’явілася фігура Маці Божай з Ла-Салет. Яе ўстанавіў ксёндз Станіслаў. У гэтай выявы вельмі кранальная гісторыя, і мне так здаецца, што яе з’яўленне ў нашай парафіі менавіта ў той момант было зусім не выпадковым.
А калі наадварот, успомніць штосьці такое, ад чаго цёпла і радасна на душы?
Самы прыемны момант — першае набажэнства ўнутры касцёла. Так склалася, што мая ўнучачка прыступіла да Першай Камуніі менавіта ў фаніпальскай святыні. Гэта была перамога святла над цемрай. Адышлі ў вечнасць упартыя ўладальнікі склепаў, шмат разоў памяняліся мясцовыя ўлады і, нарэшце, у Фаніпалі ёсць прыгожы храм у такім топавым месцы.
Старшыня касцёльнага камітэту — гэта паўнацэнная пасада, якая патрабуе працы, а тая, у сваю чаргу, — часу і сіл. Дзе вы іх знаходзілі, калі па-за касцёльным жыццём чакалі яшчэ і іншыя абавязкі?
Было сапраўды цяжка. Нават не фізічна, а маральна. Патрэбна было вучыцца не звяртаць увагу на крытыку, а яе было столькі… Сур’ёзна ўскладняла справу адсутнасць ведаў у многіх бюракратычных момантах. Я сама цяпер дзіўлюся, як я — не бухгалтар, не юрыст, не будаўнік — з гэтым усім змагалася. Дапамагалі людзі, шчырыя і адданыя. Сёння, калі праглядаю старыя здымкі і параўноўваю з тым, што маем, вельмі шкадую, што многія з тых першых не бачаць нашу прыгажосць. Канешне, былі падтрымка і разуменне ў сям’і, але сумяшчаць працу актыўнай і творчай настаўніцы, мамы, жонкі і будаўніцтва касцёла аказалася складанай справай.
Многія людзі прызвычаіліся лічыць, што касцёл і ўсё, што ў ім адбываецца, гэта перш за ўсё справа духавенства. У чым ваша матывацыя, як чалавека свецкага, прысвяціць сябе касцёльным справам?
Напэўна, памяць пра маю бабулю Анцю, якая прывяла мяне ў касцёл, і нейкая ненармальная адказнасць — раз мне даверылі, то я павінна. З-за гэтага, дарэчы, я часта на сябе злуюся.
Канешне, былі перыяды, і не адзін, калі я спрабавала ўсё кінуць, аддавала дакументы ксяндзу Сяргею. Калі пастарэлі бацькі (мужа і мае), трэба было больш часу прысвячаць ім. Я нават спрабавала не хадзіць у наш касцёл. Ездзіла некалькі разоў у Дзяржынск. Але цяпер разумею, што такой была Божая воля. Гэта Ён даваў мне сілы і вытрымку…
Шаноўная Алена Эдуардаўна! Прыміце самыя шчырыя віншаванні ад парафіяльнай сям’і. Далучаемся да радкоў прысвячэння, якое з нагоды вашага свята напісала Яніна КІЛБАС:
Жанчына зямлі беларускай!
Ты слава! Ты гонар! Краса!
Бы сонца — усмешка на вуснах,
А ў вачах слязінка — раса.
Ты мама, жанчына,
Бабуля і жонка,
Камусьці калега, камусьці радня,
Настаўніца і сяброўка,
Гэта ўсё вы, Алена Эдуардаўна!
Благаславёны Богам дзень і час,
Мы так удзячны гэтай жанчыне,
Што ёсць касцёл у Фаніпалі ў нас,
Бо з першых дзён яна на Божай ніве.
Ты аддаеш цяпло сваёй душы,
Любую справу сэрцам адчуваеш,
На дапамогу ўсім прыйсці спяшыш,
Сваім прыкладам нам сілы прыбаўляеш.
Руплівы, безадказны чалавек,
Шчаслівая вас доля напаткала,
Змагла дабіцца многага ў жыцці,
Ты, як крынічка, шлях свой пракладала.
Усё паспець, усё занатаваць:
Касіць, паліць, падвезці, пагрузіць,
Напомніць, запісаць і папрасіць…
Таму падзякаваць, таго павіншаваць…
Зрабілі гэта. Заўтра зноў пачаць!
Цярпець, быць мудрай, не стагнаць,
У Бога дапамогі папрасіць,
І зноў ісці, тварыць, спяшыць…
Табой апеты гістарычны край,
Прыгожым словам беларускай мовы,
Ад вучняў і бацькоў прымай
Зямны паклон за мудрасць твайго слова!
Што ж Алене ў жыцці памагала?
Прызнанне, Бога адзнака,
Ёй людзі дружна сказалі:
“Вялікі, шчыры Вам дзякуй!”
Хай Бог цябе ад бед засцеражэ,
Цудоўная, прыгожая Алена,
Кукуй, зязюлька, шмат наваражы
Гадкоў шчаслівых пчолачцы руплівай!