Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі
ў г. Фаніпаль

У Фаніпалі адзначылі галоўную парафіяльную ўрачыстасць

25-06-2022

24 і 25 чэрвеня ў нашай парафіі адбылася адпустовая ўрачыстасць. На яе прыбылі мясцовыя парафіяне, а таксама госці. 

З Божай волі наш касцёл носіць падвойны тытул — Сэрца Езуса і Сэрца Марыі, пагэтаму парафіяльныя ўрачыстасці доўжацца два дні.

Урачыстае святкаванне распачалося вечаровай Імшой у пятніцу, якую ксёндз-пробашч Дзяніс справаваў у інтэцыі ўсіх парафіян. На пачатку Эўхарыстыі былі прачытаны імёны усіх, хто творыць парафіяльную суполку. Падчас гаміліі душпастыр распавёў аб сімвалічнасці Сэрца, нагадаўшы, што гэта не толькі чалавечы орган, але, перш за усё, сімвал любові. Ушанаванне Сэрца Бога — гэта кантэмпляцыя Яго любові, і праяўляецца яно ў наследаванні Хрыста: «…Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29). Пасля Святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і супольная малітва перад абліччам жывога Бога.

У суботу ўрачыстая Святая Імша прайшла пры палявым алтары на пляцыку каля касцёла. Яе цэлебраваў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк — пробашч парафіі Святых Сымона і Алены ў Мінску. Менавіта ксёндз Уладзіслаў стаяў ля вытокаў адраджэння фаніпальскай парафіі. Ён разам з каталікамі Фаніпаля быў ініцыятарам рэгістрацыі парафіяльнай абшчыны. Падчас Святой Імшы ксёндз Уладзіслаў нагадаў, праз якія цяжкасці давялося прайсці тым, хто змагаўся, каб у Фаніпалі паўстала святыня. Святар заклікаў да еднасці, бо толькі ў ёй ёсць сапраўдная моц. Разам з ксяндзом Уладзіславам на свята ў Фаніпаль таксама прыбылі ксяндзы Аляксандр і Станіслаў, за што ім ад усяго сэрца дзякуй.

Сапраўдным упрыгожваннем святочнай Літургіі сталі спевы гурта Verbum Dei. Дзякуем хлопцам і дзяўчатам, што ўжо не ў першы раз з дапамогай іх таленту і шыкоўных галасоў можам яшчэ глыбей пранікнуцца ўрачыстым момантам і напоўніцца радасцю.

Напрыканцы Імшы ксёндз-пробашч падзякаваў усім, хто праз розны спосаб прычыніўся да арганізацыі фэсту. Закончылася свята музычнай праграмай і неверагодным пачастункам ад нашых гаспадынь.