У фаніпальскай парафіі адбываецца наведванне і асвячэнне дамоў
Галоўнае заданне Касцёла — быць працягам навучання Езуса Хрыста і ўдзяляць неабходныя дапаможныя ласкі на шляху да збаўлення. Асновай дзейнасці Касцёла з’яўляюцца Святыя Сакраманты: Хрост, Споведзь, Эўхарыстыя і інш. Дзякуючы ім, мы асвячаемся і ўмацоўваемся.
Касцёл мае і шмат іншых духоўных чыннасцяў, якія не з’яўляюцца сакрамантамі, але дазваляюць прымаць Божую ласку і рыхтуюць нас да супрацоўніцтва з ёй, служаць інструментам, што дапамагае належным чынам прыняць уздзеянне сакрамэнтаў, дапамагаюць захоўваць асвячальную ласку і працягваць наш духоўны шлях. Да гэтых духоўных практык адносяцца благаслаўленне яды, асвячэнне розных прадметаў, людзей, а таксама асвячэнне нашых дамоў.
Асвячэнне дома — той момант, калі святар прыходзіць у дамы вернікаў паводле наказу Хрыста, каб нясці супакой у Імя Хрыстова : “У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: «Спакой гэтаму дому!» І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас” (Лк. 10).
Таксама гэта магчымасць евангелізацыі, бо дом — гэта не толькі сцены, але і людзі, таму наведванне дамоў святаром дае магчымасць паразмаўляць пра Хрыста і справы збаўлення. Таксама наведванне дамоў дапамагае святару зразумець духоўнае недамаганне вернікаў, іх патрэбы. Супольная малітва святара і жыхароў дому прызывае Божае бласлаўленне і знішчае ўплыў злой моцы як для дамачадцаў, так і для мейсца, у якім яны пражываюць.
Заахвочваю карыстацца гэтай магчымасцю! Няхай нашыя дамы і сэрцы будуць прысвечаны Езусу!
Дамовіцца са святаром аб асвячэнні дому можна па тэл. 375-25-771-00-80 або непасрэдна ў касцёле.