Урачыстасць першай Святой Камуніі адбылася ў Фаніпалі

У нядзелю 15 чэрвеня, ва Ўрачыстасць Святой Тройцы, у фаніпальскай парафіі адбылася ўрачыстая імша, падчас якой 11 хлопчыкаў і дзяўчынак прынялі Першую Святую Камунію. Святкаванне распачалося на вуліцы ля крыжа, дзе бацькі блаславілі сваіх дзяцей, а пасля ўсе ўрачыстай працэсіяй увайшлі ў касцёл. Гэта быў асаблівы момант для маладых парафіян, іх сем’яў і ўсёй парафіяльнай супольнасці. Дзеці, апранутыя ў традыцыйныя белыя строі, з павагай і хваляваннем прыступілі да Таінства, што з’яўляецца важным этапам у іх духоўным жыцці.
Свята прайшло ў цёплай і ўзнёслай атмасферы. На імшы прысутнічалі сваякі, хросныя і парафіяне, якія падтрымлівалі маленькіх удзельнікаў малітвай і добрымі пажаданнямі. У канцы імшы дзеці разам з бацькамі ўсхвалявана дзякавалі Богу, пробашчу і катэхетам за гэты важны дзень. Пасля набажэнства вернікаў чакаў салодкі пачастунак. За супольным сталом кожны мог падзяліцца са сваімі блізкімі радасцю ад перажытай падзеі.































