Віншаванні ксяндза-пробашча з нагоды Вялікадня

Дарагія вернікі і госцi парафіі!
Вітаю вас радасным воклічам: “Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос! Аллелюя!”
Мае дарагія, веруючыя людзі не могуць успрымаць уваскрасенне Хрыста выключна як прыгожую падзею з мінулага. Пустая магіла, сямейны вeлікодны стол, фарбаванкі, кулічы і іншыя пасхальныя атрыбуты — гэта толькі тэарэтычныя веды. Хрыстос запрашае нас перайсці ад тэорыі да практыкі! Што гэта значыць? Кожны павiнен задумацца над тым, якія наступствы ўваскрасення Хрыста існуюць у нашай штодзённасці, як яны ўплываюць на нашы жыццёвыя сітуацыі, выбары і погляды.
Калі ўважліва ўслухаемся ў тэкст Евангелля з літургіі ў нядзелю Уваскрасення Пана, то пачуем, як апосталы i Марыя Магдалена спяшаюцца да магілы, каб пераканацца, што яна пустая. Уваскрасенне Хрыста надало жыццю вучняў, а потым i іх пасляўдоўнікаў, пэўную дынаміку духоўнага развіцця. Cвет ужо не будзе такім, якiм быў перад укрыжаваннем! Вопыт сустрэчы з Уваскрослым выводзіць маладую супольнасць Касцёла з раз’яднанасці і збянтэжанасці, якія панавалі пасля смерці Збаўцы на крыжы, да еднасці і мужнага вызнання веры.
Дарагія браты і сёстры! Няхай Вялікдзень і юбілейны Год надзеі, які ўгэтым годзе адзначаем, прынясуць кожнаму з нас новае жыццё, нягледзячы на тое, што адбываецца ў нашым асабістым жыцці. Няхай гэтая Пасхальная ўрачыстасць адкрые магілы страху, нянавісці, граху, клопатаў і напоўніць нас надзеяй. Няхай кожны з нас адчуе, што пераможны Хрыстус зноў сярод нас аж да сканчэння свету.
Дазволім Хрысту ўваскрасіць нас! Будзем сведкамі і апосталамі Яго ўваскрасення і новага жыцця!
Ксёндз-пробашч Дзяніс Шастаковіч, MSF