Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Традыцыі Вялікадня

19-04-2025

Вялікдзень, Пасха або Вялікая нядзеля — найважнейшае і самае старажытнае хрысціянскае свята. Менавіта ў велікодны час спаўняецца галоўная таямніца хрысціянскай веры, якая будуецца на ўваскрасенні Хрыста. Уваскрасенне, як трыумф Хрыста над смерцю, з’яўляецца довадам здзейсненага збаўлення. Пасля смутку, роздуму, начнога чування ў Вялікую пятніцу настае час шчасця і радасці, бо паўстанне з мёртвых — знак перамогі над грахом і смерцю, шанс на вечнае жыццё.

Пасхал. Вялікая свечка, што запальваецца ад агню, які святар благаслаўляе падчас Літургіі святла на пачатку Пасхальнай вігіліі. На гэтай свечцы змяшчаюцца выява крыжа, грэцкія літары альфа і амега, лічбы бягучага года, а таксама пяць зерняў ладану (пяць сімвалічных цвікоў) на ўспамін пяці ранаў Хрыста. Пасхал з’яўляецца сімвалам Хрыста і запальваецца падчас урачыстых цэлебрацый на працягу Велікоднага перыяду. У іншы час пасхал захоўваецца ў баптыстэрыі і запальваецца падчас удзялення сакрамэнту хросту (ад яго запальваюцца свечкі новаахрышчаных).

Экзультэт (ад першага слова лацінскага тэксту Exultet iam angelica turba caelorum — Узрадуйцеся ўжо, хоры анёлаў у небе) — абвяшчэнне Пасхі. Старажытны гімн, які спяваецца на пачатку Пасхальнай вігіліі пасля благаслаўлення агню і запальвання пасхалу. У ім праслаўляецца перамога ўваскрослага Хрыста.

Рэзурэкцыйная працэсія адбываецца адразу пасля Вігіліі, або, паводле мясцовай традыцыі, раніцай у нядзелю перад першай Святой Імшой. Гэтая працэсія з’яўляецца ўрачыстым абвяшчэннем уваскрэсення Хрыста.

Велікоднае ягнё. Ягнё Новага Запавету — Хрыстос, поўны пакоры і лагоднасці, з’яўляецца сімвалам велікоднага свята.

Асвячэнне велікодных страваў. У кожнай сям’і раніцай у Вялікую суботу рыхтуюцца стравы да асвячэння. Хлеб прыпамінае «хлеб жывы, які сышоў з нябёсаў», вяндліны ці велікодны баранак — на ўспамін пасхальнага баранка, а таксама яйка — сімвал новага жыцця, якое нясе ўваскрослы Хрыстос, і соль, якая ахоўвае нас ад сапсаванасці. Велікодны баранак сімвалізуе біблейскага пасхальнага баранка, які быў прадвесцем Баранка Хрыста, забітага і ўваскрослага, які сваёй крывёй збавіў свет ад вечнай смерці. На велікодны стол таксама пажадана падаць асвечаную соль, хрэн і перац, якія прыпамінаюць біблейскія горкія травы.

Велікоднае сняданне ў коле сям’і. Урачысты стол засцілаецца белым абрусам. На яго ставяцца галінкі вярбы, асвечаныя яйкі, прарошчаная пшаніца ці буйміна, барвенак ці самшыт. Зеляніна сімвалізуе новае жыццё, атрыманае падчас Святога Хросту. У цэнтры стала можа быць змешчаны сямейны пасхал, велікоднае ягнятка і асвечаныя яйкі, хлеб і соль (свянцонка). Таксама можна загадзя падрыхтаваць асвечаную ваду і крапідла.

У велiкодны панядзелак з ранiцы пад вокнамi пачыналi спяваць валачобнiкi (найперш песню «Вясёлы дзень для нас настаў»), атрымлiваючы за свае старанні рэшткi святочных страваў, а часам і невялiкiя грошы. Самая любімая гульня на Вялікдзень — біткі. Стукаліся святочнымі яйкамі, а пераможцам аказваўся той, у каго яно заставалася цэлым («мацак»). Знаходзіліся і жартаўнікі, якія замест яек падстаўлялі пафарбаваны камень круглай формы і такім вясёлым падманам здабывалі перамогу.