Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Вернікі Фаніпаля ўрачыста адзначылі Божае Нараджэнне

25-12-2022

Святкаванне Божага Нараджэння ў нашай парафіі распачалося ўрачыстай Святой Імшой — Пастэркай. Яе назва паходзіць ад лацінскага слова pastor (пастух) і звязана з пастушкамі, бо менавіта яны сталі першымі людзьмі, каму анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра нараджэнне Хрыста.

Па традыцыі Пастэрка распачалася ў паўзмроку. На пачатку Святой Імшы ксёндз асвяціў фігурку дзіцятка Езус і ўрачыста паклаў яе ў яслі на знак таго, што менавіта так, цёмнай ноччу у хляве на сене, 2000 год таму назад Збаўца прыйшоу ў свет.

Пасля Святой Імшы адбылося супольнае ламанне аплаткам. Традыцыйна вечарам перад Божым Нараджэннем аплаткам адзін з адным дзеляцца члены сям’і, якая пасля з’яўлення першай зоркі на небе збіраецца за сталом, каб разам спажыць вігілійную вячэру. Парафіяльная супольнасць – гэта таксама сям’я дзяцей божых. Зразумела, што не можам сабрацца ўсе разам на традыцыйнай вячэры, бо нас шмат, і ў кожнага свае сем’і, але у ноч Нараджэння Пана нас таксама аб’ядноўвае адзін стол – эўхарыстычны. І ламанне аплаткам – гэта сімвал таго, што мы адчуваем гэтую еднасць.

25 снежня, у Свята Божага Нараджэння, пасля ранішняй Імшы дзеткі з нашай парафіі падзяліліся радасцю ад Нараджэння Збаўцы праз тэатралізаваную Батлейку. Тых, хто не змог асабіста пабачыць прадстаўленне і акунуцца ў атмасферу Бэтлеемскай ночы, запрашаем да прагляду запісу (аўтар спеваў – наш парафіянін Павел Сучынскі).

Вялікі дзякуй усім, хто прычыніўся да арганізаціі святкавання Божага Нараджэння: тым, хто прыбіраў касцёл, гатаваў дэкарацыі, упрыгожваў ялінкі, рыхтаваў літургію і спевы. Асаблівая падзяка бацькам нашых наймалодшых парафіянаў, а таксама Вікторыі і Паўлу Сучынскім за тэатральную пастаноўку.

Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго!