Віншаванні ксяндза-пробашча са святам Божага Нараджэння
Дарагая парафіяльная сям’я!
Чарговы год набліжаецца да свайго завяршэння, і традыцыйна напрыканцы мы ўзгадваем адну з найпрыгажэйшых таямніц — Уцелаўленне Божага Сына Езуса Хрыста! Кожны раз, святкуючы Божае Нараджэнне, мы павінны прычыняцца да таго, каб гэтая ўрачыстасць не стала руцiннай, фармальнай, каб не згубіла сваёй духоўнай важкасці, якая абапіраецца на веру ў тое, што Бог сапраўды сярод нас.
2022 год для нашай супольнасці быў не з лёгкіх. Каштаваў шматлікіх высілкаў з боку вернікаў не толькі ў будове нашай святыні, але і ў сталенні ўсёй супольнасці. З’явіліся новыя ініцыятывы, набажэнствы, планы. Бог ставіць на нашым шляху шмат цудоўных людзей, якія падрымліваюць нашыя намаганні ў будове. За чарговы год і мы самі сталі бліжэй адзін да аднаго ў парафіяльнай супольнасці. Нас аб’ядноўваюць Сэрца Езуса і Марыі. Я ўпэўнены, што мінуючы год умацаваў нас у тым, што найважнейшае ў веры, што Бог жывы і Ён сярод нас.
Новы 2023 год у Касцеле на Беларусі будзе праходзіць пад лозунгам “Апостальства свецкіх — знак надзеі для касцела ў Беларусі”. Няхай і ў нашай супольнасці парафіяльнай у новым годзе “народзіцца” яшчэ больш актыўных апосталаў, якія, дзелячыся сваімі ўменнямі і часам, будуць дасканаліць жыццё парафіяльнае і памнажаць Хвалу Божую.
Няхай чарговае Божае Нараджэнне і далей напаўняе нашыя сэрцы радасцю і моцным жаданнем і далей служыць дзеля праслаўлення Боскага Сэрца Езуса праз шанаванне Сэрца Марыі, Яго Маці.
Са святам!!!
Ксёндз-пробашч Дзяніс Шастаковіч, MSF
Да віншаванняў таксама далучаецца старшыня касцёльнай рады Алена Протас.