Вернікі парафіі ў Фаніпалі наведалі касцёлы Астравеччыны

У суботу, 23 верасня, адбылася аўтобусная пілігрымка вернікаў па касцёлах Астравеччыны. Першай кропкай на шляху пілігрымаў стаў касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны ў вёсцы Гудагай. Тут кіраўнік пілігрымкі – ксёндз Дзяніс цэлебраваў Святую Імшу ў інтэнцыях, складзеных пілігрымамі, і ўдзяліў усім Божае Благаслаўленне.
Затым вернікі, узмоцненыя эўхарыстычным пасілкам, накіраваліся далей па маршруце і наведалі касцёлы Святых Касьмы і Дам’яна ў Астраўцы, Святога Юрыя ў Варнянах, Святога Арханёла Міхала ў Міхалішках. Завяршыўся пілігрымковы шлях у касцёле Святой Троіцы ў Гервятах.
Кожны з прыпынкаў меў не толькі прафесійнае экскурсійнае суправаджэнне, але быў дапоўнены цікавымі гісторыямі ад пробашчаў і вернікаў парафій. Таксама пілігрымы супольна маліліся і славілі Бога спевам пад чулым кіраўніцтвам ксяндза Дзяніса.








