Вернікі парафіі ў Фаніпалі наведалі касцёлы Заходняй Беларусі
Суботнім ранкам нашыя парафіяне, а таксама вернікі з Мінску, Дзяржынску, Ганцавіч, Бараўлян і Оршы вырушылі ў аўтобусную пілігрымку па святынях нашай Бацькаўшчыны. Галоўная мэтай было наведаць касцёлы, што знаходзяцца на захадзе краіны, недалёка ад мяжы з Літвой, супольна памаліцца і добра правесці час.
Верным таварышылі ксёндз-пробашч Дзяніс, а таксама прафесійны экскурсавод Павел. Пілігрымковы шлях распачаўся ў Іўі, дзе знаходзіцца цікавы ў гістарычным і духоўным сэнсе касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла з вядомай ва ўсёй Беларусі фігурай Хрыста ля ўвахода.
Затым шлях пралягаў праз Ліпнішкі, Германішкі і Воранава. Тут у санктуарыі Божай Міласэрнасці адбылася малітва аб супакоі ва ўсім свеце. Пазней вернікі накіраваліся ў Тракелі – невялічкую вёску ў Воранаўскім раёне, дзе знаходзіцца санктуарый Маці Божай Тракельскай. Перад яе цудоўным абліччам была адпраўлена супольная Эўхарыстыя. Таксама ў тракельскай парафіі пілігрымы мелі смачны пасілак.
Чарговай кропкай пілігрымкі стаў храм ў Геранёнах, а завяршылася падарожжа наведваннем фарнага касцёла і аглядам старажытнага замку Гедыміна ў Лідзе.
Дзякуем усім, хто далучыўся!