Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Літургічная служба алтара папоўнілася новымі міністрантамі

25-09-2022

25 верасня ў нашай парафіі адбылося ўрачыстае прыняцце новых міністрантаў. Усе яны прайшлі спецыяльную падрыхтоўку да служэння. Духоўныя сустрэчы праводзіў ксёндз-пробашч Дзяніс Шастаковіч. 

Перад пачаткам Святой Імшы хлопцы ў прысутнасці пробашча, бацькоў і вернікаў парафіі склалі абяцанні верна служыць Хрысту ля алтара, запэўніўшы, што стануць добрым прыкладам для свайго атачэння і будуць верна выконваць даручаныя ім заданні.

Затым была асвечана літургічная вопратка, якую новым міністрантам у першы раз дапамаглі апрануць бацькі. Ад гэтага моманту для хлопцаў распачаўся новы жыццёвы этап.

Міністранты – пярлінка Касцёла. Іх прысутнасць ля алтара нясе надзею, што будуць жадаючыя пайсці за голасам паклікання і прысвяціць сваё жыццё на служэнне Богу. Бо не сакрэт, што пераважная частка святароў адкрыла сваё пакліканне ў дзяцінстве ці юнацтве, стоячы ля алтара.

Дзякуем нашым парафіянкам Лырысе Міхайлаўне і Алене за пашытыя комжы, а таксама бацькам і родным хлопцаў, што накіравалі іх быць бліжэй алтара Пана.