Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Віншуем з юбілеем Аляксея Дзядзюлю!

19-06-2025

Сёння, 19 чэрвеня, свой 30-ты дзень нараджэння святкуе Аляксей Дзядзюля. Лёша адным з першых далучыўся да літургічнай службы алтара ў фаніпальскай парафіі. Адбылося гэта яшчэ тады, калі парафія толькі пачынала зараджацца. Яго смела можна назваць “ветэранам” міністранцкага служэння ў нашым касцёле.

Сястра Аляксея, Марыя, згадзілася крышачку распавесці аб ім, каб парафіяне маглі больш даведацца аб імянінніку.

“Аляксей нарадзіўся ў 1995 годзе ў Фаніпалі ў веруючай сям’і. Бацька — праваслаўны, маці — каталічка. Быў ахрышчаны ў фаніпальскай царкве пад імем, якое абраў для яго тата — Аляксей.

Наша матуля — вельмі пабожная жанчына. З самага дзяцінства яна вадзіла нас у касцёл і заўсёды была прыкладам веруючага чалавека. Яна шмат распавядала пра Бога і пра Яго любоў, вучыла малітвам і спевам, клапатліва вырошчвала ў нас веру, як калісьці гэта рабіла яе матуля ў дачыненні да яе самой.

Наша сям’я пачала наведваць фаніпальскі касцёл амаль з моманту яго заснавання. Маленькая ўтульная святыня ў драўлянай хатцы стала для нас домам, а парафія — сям’ёй. Калі мы былі дзецьмі, парафія была зусім маленькай. Тут не было магчымасці рыхтавацца да Першай Камуніі, наведваць заняткі па рэлігіі. Але матуля адчувала, што дзіцячая вера патрабуе ведаў, і пачала вазіць Лёшу на заняткі да сясцёр-дамініканак у касцёл Святога Роха ў Мінску. У 2004 годзе пасля некалькіх гадоў падрыхтоўкі Аляксей прыступіў да Сакраманту Першай Споведзі.

З чягам часу касцёл рос, мяняліся святары… У пэўны момант да нас з Польшчы прыехаў ксёндз Войцех і вырашыў наладзіць у парафіі міністранцкую службу. Тады Лёша, яшчэ зусім хлопчык, стаў адным з першых міністрантаў у нашым касцёле.

У 2012 годзе па запрашэнні ксяндза Сяргея Дабрагоста парафію наведаў гурт Laudans і адчыніў для нас свет беларускага хрысціянства: пілігрымкі, Сусветныя дні моладзі, Teze і інш.

Зараз Лёша з’яўляецца актыўным хрысціянінам. Ён прайшоў не адзін дзесятак пілігрымак, наведаў амаль усе санктуарыі Беларусі, скончыў хрысціянскі тэалагічны каледж імя Зігмунда Лазінскага і далей працягвае пазнаваць Бога і Яго волю”

Дарагі Аляксей! З нагоды свята жадаем шчодрых дароў Духа Святога, нястомнай апекі Маці Божай і добрых людзей на жыццёвым шляху! Няхай Бог благаслаўляе, натхняе і адорвае ўсімі патрэбнымі ласкамі!