Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Віншуем з юбілеем арганістку Ларысу Міхайлаўну Мурашка!

16-12-2024

Сёння свой юбілейны дзень нараджэння святкуе адна з нашых арганістак Ларыса Міхайлаўна. Яе ў парафіі добра ведаюць і дарослыя, і дзеці. Пані Ларыса ўжо некалькі дзесяцігоддзяў прыкладае намаганні, каб у сценах нашай святыні гучалі песні на хвалу божую.

Ларыса Міхайлаўна нарадзілася на Валожыншчыне. У Фаніпаль разам з мужам пераехала ў 1982 годзе. Са слоў самой юбіляркі на той момант яна не была практыкуючай каталічкай. Касцёл наведвала толькі ў вялікія святы. Але ў пэўны момант усё змянілася.

— Аднойчы я прыйшла ў фаніпальскую паліклініку і ўбачыла на дзвярах аб’яву, што ў будынку мясцовага кінатэатра адбудзецца Святая Імша. Падумала сабе, я ж каталічка, мне трэба там быць — успамінае Ларыса Міхайлаўна. — І пайшла. Гэта быў час, калі толькі-толькі пачыналася адраджэнне парафіі. Яно стала пачаткам і майго ўласнага шляху да веры. 

Маючы музычны талент і належную адукацыю, пані Ларыса ўзяла на сябе ініцыятыву ўпрыгожыць набажэнствы літургічным спевам. На той момант гэта была няпростая справа: у вернікаў не было ні спеўнікаў, ні музычнага інструмента. Але прага спяваць на хвалу Пана была такой моцнай, што і тут знайшоўся выхад. Ларыса Міхайлаўна спецыяльна ездзіла ў бібліятэку пры касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску і там перапісвала патрэбныя спевы. Так было да таго моманту, пакуль ксёндз Станіслаў Салата не прывёз у парафію спеўнікі. 

— Я добра памятаю сваю першую сустрэчу з Ларысай Міхайлаўнай, — дзеліцца ўспамінамі старшыня касцёльнага камітэту Алена Протас. — Касцёл тады размяшчаўся ў маленькай старой хатцы, што была выдзелена для нашай парафіі па вуліцы Камсамольскай. Мы з мужам толькі пераехалі ў Фаніпаль, нікога тут не ведалі. І вось я ўпершыню прыйшла на Святую Імшу, а тут такі кантраст: убогае памяшканне — і ў ім за невялічкім арганам шыкоўная дама ў прыгожым капелюшы, з вуснаў якой гучаць велічныя спевы…

Разам з іншымі парафіянамі Ларыса Міхайлаўна актыўна ўключылася ў справу аднаўлення фаніпальскай парафіі. Калі ўлады далі дазвол на будову святыні, пані Ларыса ўвайшла ў склад касцёльнага камітэта. Дапамагала ў гаспадарчых і будаўляных справах, была надзейным плячом і добрым дарадцам у самыя складаныя для касцёла ў Фаніпалі моманты.

 — Чаго толькі каштавала нам сустрэча з уладальнікамі склепаў на пляцоўцы, выдзеленай пад будаўніцтва касцёла! Тады не толькі жорсткія словы, але і палкі з камянямі маглі ляцець у наш бок… Ларыса Міхайлаўна была побач і стала для мяне надзейным паплечнікам ва ўсіх пытаннях, — узгадвае Алена Протас. — Асабліва шаную яе памяркоўнасць, разважлівасць,справядлівасць. Ва ўсіх складаных сітуацыях мне хацелася і хочацца чуць менавіта яе думку, бо яна можа даць слушную параду, разважыць і ўтрымаць маю часам залішнюю эмацыйнасць.

Ларыса Міхайлаўна ў цэнтры. На гэтым мейсцы ў Фаніпалі цяпер знаходзіцца шматпавярхоўка

Чуласць, адкрытасць, адказнасць і вялікае жаданне служыць бліжняму гэтыя рысы, якімі Бог надзяліў пані Ларысу, узгадваюць і іншыя парафіяне.  

— Я з’явілася ў Фаніпалі, калі Святыя Імшы цэлебраваліся ў вагончыку. Ларысу Міхайлаўну нельга было не заўважыць, бо яна заўсёды была за арганам, — расказвае Часлава Пацалуйка. — Мне яна здавалася эталоннай ва ўсіх касцёльных справах, бо рабіла ўсё з душой і вялікай паслухмянасцю. Сціплая, заўсёды з усмешкай, гатовая падтрымаць і маладога, і пажылога. Яе жыццё — сапраўдны прыклад дарогі да святасці. 

— Колькi памятаю, — адзначае парафіянка Валянціна Байдак, — Ларыса Міхайлаўна заўседы ў касцёле: і на ранiшняй імшы, і на вячэрняй, асаблiва, калі была адзiнай арганісткай у парафіі. Яна заўсёды на сваім музычным “пасце”: дапамагае нам праз спевы лепей пазнаваць Пана Бога. 

Нягледзячы на розныя цяжкасці і перашкоды, пані Ларыса ніколі не пераставала дзяліцца сваім талентам з бліжнімі. Яе голас і сёння гучна гучыць падчас Святых Імшаў, а святыню, якой яна ахвяравала свой час і сілы, наведваюць ужо яе ўнукі.

— Мне было каля шасці гадоў, калі бабуля ўзяла мяне з сабой у касцёл, — апавядае Ева, унучка юбіляркі. Я сядзела на Святой Імшы, але нічога не разумела. Пазней мы пачалі хадзіць кожную нядзелю, але мне па-ранейшаму было складана ўцяміць, што адбываецца. Бачачы гэта, бабуля запісла мяне на катэхэзу. Шчыра кажучы, напачатку было не вельмі цікава, але аднойчы я паўдзельнічала ў сцэнцы, мне спадабалася. Затым была Першая Камунія, і паволі прыйшло разуменне, навошта ўсё гэта. Цяпер я часта хаджу ў касцёл, мне гэта падабаецца. Тут у мяне ёсць сябры, тут спакойна і ўтульна. Дякуй, бабуля, што прывяла мяне да касцёла! Я вельмі цябе люблю і жадаю здароўя і ўсяго найлепшага! 

Сама Ларыса Міхайлаўна лічыць, што вельмі важна быць прыкладам для маладога пакалення, умець заінтэрэсаваць яго.

— Дзякуй Богу за неабыякавых вернікаў, якія прыкладаюць шмат намаганняў, каб зацікавіць дзяцей, моладзь, закінуць у іх душы зярняткі веры. Калі моладзі будзе цікава і ўтульна ў касцёле, яна будзе сюды ахвотна прыходзіць. Тады зярнятка прарасце, наша парафія і вера будуць жыць, а, значыць, тое, што мы зрабілі, будзе недарэмным. 

Шаноўная Ларыса Міхайлаўна! З нагоды юбілею ад імя ўсёй парафіяльнай супольнасці жадаем шчодрых божых ласк і нястомнай апекі Маці Божай!  Няхай Святы Дух асвячае сваім святлом, а Езус Хрыстус валадарыць у вашым сэрцы! Жадаем, каб ваша жыццё было напоўнена любоўю, спагадай, дабрынёй i шчырасцю. З юбілеем!