Дзякуем усім, хто прычыніўся да арганізацыі парафіяльнага адпусту!
Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце Пану!
Пару дзён таму мы адзначылі парафіяльнае свята – важную падзею для нашага касцёла. На працягу двух дзён мы разам маліліся і весялілся, праслаўляючы Хрыста.
Дзякуй усім, хто прыняў удзел у арганізацыі гэтай урачыстасці, асабліва:
- сям’і Сучынскіх – Вікторыі і Паўлу – за арганізацыю выступлення дзетак, музычнае суправаджэнне;
- Анастасіі Міцкевіч – за афармленне інсталяцый і букетаў; за падрыхтоўку абедаў і стала з пачастункамі;
- Марыі Крайко – за апеку над абедам для гасцей;
- Андрэю Ількевічу – за палатку;
- Яніне Кілбас і Юліі Францкевіч – за прывітальныя і развітальныя словы для нашага Мітрапаліта.
Гэты спіс можна прадоўжыць, бо колькасць людзей, якая тым ці іншым чынам далучылася да арганізацыйных момантаў, значна большая. Літургічнай службе алтара, арганістам і спевакам, тым, хто рыхтаваў пачастункі, паліваў кветкі ля касцёла, прыбіраў звонку і ўнутры храма і, каб нікога не памінуць, УСІМ-УСІМ ад усяго сэрца вялікі дзякуй!!!
Шаноўны ксендз-пробашч Дзяніс, дзякуем вам, што гуртуеце, яднаеце і натхняеце! Дзякуй, што вучыце ставіць Бога на першае мейсца ў сваім жыцці. Нас было многа, але магло быць яшчэ больш! Спадзяёмся, што перажытая ўрачыстасць стане прыкладам для тых, хто пакуль не да канца ўсведамляе важнасць прысутнасці на супольнай малітве. Удзельнічаючы ў Імшы, далучаючыся да сумесных спраў, мы аддаем Богу наш час, нашы намаганні і тым самым паказваем, што Ён займае важнае месца ў жыцці. Няхай нашай ахвярнасці стане яшчэ больш!
Будзем разам!
Старшыня касцёльнага камітэту
Алена Протас