Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго!

25-12-2021

Сёння паўсюдны Каталіцкі Касцёл святкуе адну з найважнейшых падзей у жыцці кожнага хрысціяніна — прыход Збаўцы.

У чарговы раз нам  выпадае шчасце перажыць таямніцу Нараджэння Божага Сына. Шмат тысячагодзяў  людзі чакалі прышэсця Месіі, але думалі, што Ён з’явіцца інакш. Спадзяваліся ўбачыць Яго на троне, а не ў беднай стайні. Чакалі, што хор анёлаў заспявае на ўвесь свет, а ў рэальнасці іх песня была такой ціхай,  што не разбудзіла нават жыхароў Бэтлеема. Месія прыйшоў, але замест таго, каб уладарыць і загадваць, ціхенька ляжаў на сене ўбогай пячоры, спавіты ў матчыну хустку.

Падчас гаміліі на імшы-пастэрцы ксёндз-пробашч параўнаў нашую святыню з той самай пячорай. Нажаль, не маем багата ўпрыгожанай стаенкі, раскошных інтэр’ераў. На імшы ў зімовы перыяд даводзіцца нам перамінацца з нагі на нагу ад холаду, бо не маем атаплення. Але, як пастушкі ў бэтлеемскую ноч, мы спяшаемся да сваёй святыні — мейсца, дзе спатыкаемся з Богам, чэрпаем Яго дары, напаўняемся імі і крочым у свет, каб дзяліцца радаснай весткай: Збаўца сярод нас! Ён не пабаяўся прыняць людское  аблічча, хіба ж варта нам чагосці баяцца?

Дзякуй усім, хто прыняў удзел у святочных набажэнствах! Святочныя дні ў нашай парафіі атрымаліся па-сапраўднаму сямейнымі і шчырымі. Дзякуй дзеткам і іх бацькам за прыгатаваны выступ, а таксама гурту “Міхаэлькі” з парафіі “Мінск-Лошыца” за тое, што завіталі да нас і ўпрыгожылі імшу сваім спевам.

Жадаем усіх ціхіх, спакойных, напоўненых любоўю святочных дзён!

Імша-пастэрка

Святочнае віншаванне ад нашых дзетак

Вітаем гурт з лошыцкай парафіі