Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Віншаванні ксяндза-пробашча з нагоды свята Божага Нараджэння

22-12-2021

Шаноўныя вернікі! З нагоды надыходячага Раства Пана ксёндз-пробашч фаніпальскай парафіі накіроўвае кожнаму свае віншаванні.

“Набліжаецца святочны час Нараджэння Хрыста! Гэты цудоўны момант змяніў бег гісторыі, і гэтая перамена ўвесь час трывае. Сёння многія людзі не ўяўляюць свайго жыцця без Езуса і яго навучання, без той падтрымкі, якую дае Божая навука і ласка.

Апошнія гады цяжка назваць лёгкімі для многіх. Сітуацыя з эпідэміяй, якая ахапіла ўвесь свет, хваляванні ў грамадстве, некаторым давялося перажыць тугу па страце кагосьці з блізкіх, у некага распалася сям’я, магчыма хтосьці страціў працу… Усё гэта толькі пацвяржае, наколькі наш свет недасканалы і ўразлівы, бо “праграма” ладу чалавечага дала збой. Таму неабходна, каб умяшаўся і направіў “нябесны архітэктар”, “праграміст”, які стварыў жыццё. Вось Хрыстос і прыходзіць, каб выправіць тыя хібы ў лёсах чалавецтва: Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку (Ян 10,10). Хрыстос сваім нараджэннем запачаткаваў надыход іншага Валадарства, дзе ўжо не будзе ніхто пакутаваць, смуткаваць, хварэць, ненавідзець, ваяваць — там будзе спакой і лад.

Таму жадаю ўсім, каб свята Божага Нараджэння і надыходзячы Новы 2022 год пасялілі ў сэрцах кожнага чалавека веру і надзею ў тое, што Гасподзь сярод нас і з намі, а мы дазволім яму дзейнічаць у нашым жыцці.

Са святамі, дарагія! Хрыстос нарадзіўся! Славім яго!

Кс. Дзяніс Шастаковіч