Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Як скласці ахвяраванне на будову нашай святыні?

05-12-2021

Шаноўныя, у Фаніпалі будуем прыгожы касцёл. Нажаль, справа рухаецца не так хутка, як таго хацелася б. Галоўная прычына — недахоп сродкаў. Будова ажыцяўляецца выключна за кошт ахвяраванняў вернікаў. Касцёл не мае ніякага цэнтралізаванага фінансавання, будаўнічая справа не падтрымліваецца дзяржавай. А каталіцкі храм у Фаніпалі вельмі патрэбны, бо горад расце, а з гэтым павялічваецца і колькасць вернікаў.

Ужо маем гатовы будынак. Ёсць дах, вокны, дзверы. Цяпер чарга аддзелкі. Нас чакаюць падлога, столь і сцены ўнутры храма, а таксама знешнія працы і ўпарадкаванне тэрыторыі. Здаецца, не так і шмат, але ж і на гэта патрэбныя сродкі. Звяртаемся да ўсіх людзей добрай волі з просьбай аб дапамозе. Будзем удзячныя за кожны рубель з вашага боку. Толькі аб’яднаўшы намаганні мы ўрэшце рэшт зможам давесці да канца распачатую справу.

Якім чынам можна ахвяраваць сродкі на будову?

Прынесці ахвяраванне ў храм. У касцёле ёсць скарбонка, куды можна палажыць грошы. Сродкі таксама можна перадаць у рукі ксяндзу.

На нашым сайце. На галоўнай старонцы ў правым вугле ёсць кнопка “Ахвяраваць on-line”. Націсніце яе — і ўбачыце форму для аплаты. Тут можна або выбраць прапанаваную суму, або ўвесці сваю (у поле “Іншая сума”). Затым націсніце кнопку “Ахвяраваць” — сістэма накіруе вас на старонку правайдэра WebPay, дзе патрэбна ўвесці дадзены сваёй карткі і пакінуць емейл. Пасля гэтага націсніце кнопку “Оплатить”. Увага! Кожная аплата абаронена беларускім правайдэрам WebPay, які гарантуе, што вашыя дадзеныя ў поўнай бяспецы. Пасля здзяйснення аплаты на свой емейл вы атрымаеце чэк — пацверджанне таго, што адбылося паспяховае залічэнне сродкаў на рахунак парафіі.

Праз ЕРИП. Наш касцёл прысутнічае ў дрэве ЕРИП. Каб зрабіць ахвяраванне, нас там патрэбна знайсці. Як гэта зрабіць, глядзіце на картцы ніжэй або ў відэа.

Дзякуем усім ахвярадаўцам! Кожны месяц ў вашай інтэнцыі ксёндз цэлебруе Святую імшу, падчас якой просім аб благаславенні для ўсіх, хто дапамагае будаваць фаніпальскую святыню!