Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

«Касцёл — гэта вялікае жыццё, якое напаўняе мяне з галавой»

01-10-2023

У чацвер, 28 верасня, свой юбілейны дзень нараджэння святкавала наша парафіянка Вікторыя СУЧЫНСКАЯ. Віка працуе з будучыняй фаніпальскай парафіяльнай сям’і — дзецьмі і моладдзю. Сцэнкі, імпрэзы, летнікі, салодкія сталы, сумесныя спевы і забавы — усё гэта было б немагчымым без яе энтузіязму і моцнага жадання служыць на карысць Богу і людзям. Да таго ж Вікторыя разам з мужам Паўлам выхоўвае чатырох дзяцей!

Чым не нагода пагутарыць аб жыцці, веры і адначасова бліжэй пазнаёміцца з нашай сястрой у Хрысце Пану.

«Усе паездкі да касцёла даваліся мне вельмі-вельмі цяжка»

Вікторыя паходзіць з Мінску, і яе знаёмства з Богам і касцёлам адбывалася дзякуючы намаганням бабулі. З самага дзяцінства яна брала ўнучку з сабой на Імшу, вазіла на катэхэзу. Да Першай Камуніі Вікторыя рыхтавалася ў Чырвоным касцёле. Тут упершыню прыняла Езуса ў сваё сэрца. Пасля ездзіла з бабуляй маліцца ў Катэдру, якая на той момант яшчэ была спартовай залай. А потым настаў час касцёла на Залатой Горцы: там пачалі працаваць сёстры-дамініканкі, якія ладзілі катэхезы для паслякамунійных дзяцей.

Узгадваючы той час, Вікторыя адзначае, што ён стаў вызначальным у яе жыцці, але нядзельная малітва і паходы да касцёла даваліся няпроста.

«Кожны раз бедная бабуля слухала маё бясконцае ныццё.
„Я нічога не бачу! Калі мы пойдзем дадому?! Можа сёння не пойдзем да касцёла, а?!“
Мне вельмі хацелася на вуліцу, бавіць час з сябрамі, а тут патрэбна было ехаць на Імшу… Але бабуля не паддавалася на ўгаворы і трымалася свайго»

Калі распачаліся заняткі з рэлігіі, Вікторыі было 12-13 год. Дзесьці год яна прыходзіла на катэхезу, ціхенька слухала законную сястру, а пасля імчала дадому. Нічога тады не цікавіла дзяўчынку: думкі былі толькі аб тым, як хутчэй спаткацца з сябрамі.

Усё змянілася летам, калі сёстры зладзілі летнік на Браслаўскіх азёрах. Ён быў зусім непадобны да тых летнікаў, у якіх Віка ўдзельнічала раней. Гэта было нешта новае. Незвычайны летні адпачынак падараваў ёй знаёмствы, якія пазней перараслі ў сапраўднае сяброўства.

Студэнцкі час для нашай парафіянкі ўжо быў напоўнены крыху іншым сэнсам.

«У школе я мела цудоўны клас. Нам так было цікава разам, што я гатова была вучыцца без канікул. Дарэчы, з многімі аднакласнікамі я падтрымліваю адносіны і сёння.

Універсітэт жа трошкі іншая гісторыя. Новая абстаноўка, вялікая група, у якой толькі чатыры дзяўчынкі… Не скажу, што мяне гэта пужала, наадварот, я атрымлівала асалоду ад усіх атрыбутаў студэнцкага жыцця сесій, пар, паездак. Але ў гэты час я, як ніколі, адчувала, што маю нейкае паралельнае вялікае жыццё, якое напаўняе мяне з галавой, Касцёл. Я не хавала яго ад сваіх студэнцкіх сяброў. Цікава, што мая вера ў той момант нават і на іх уплывала, бо, дзякуючы мне, яны ведалі, што цяпер Адвэнт або пост, а, значыць, я не буду ўдзельнічаць у нейкім свяце»

«Аб тым, што хачу вялікую сям’ю, ведала з дзяцінства»

Са сваім будучым мужам Паўлам Вікторыя пазнаёмілася ў пілігрымцы. На той момант яму было 20 год, і ён толькі прышоў у касцёл.

У дзяцінстве, як узгадвае наша парафіянка, ей вельмі не падабалася быць адной у сям’і, таму яна настойліва выпрошвала ў бацькоў сястру. І выпрасіла. Вялікая сям’я гэта тое, аб чым Вікторыя марыла яшчэ ў малым узросце.

«Я ведала, што, калі на тое будзе воля Бога, то дзяцей будзе не адзін і не двое. На шчасце, Пашу гэты намер ніколькі не пужаў. Не раз уяўляла, як сядзім усе разам вялікай сям’ёй за вячэрай і расказваем адзін аднаму пра свае справы. Зараз, калі менавіта так і адбываецца, дзякую Богу за гэтыя моманты»

Сябры нашай парафіянкі, як універсітэцкія, так і касцёльныя, таксама стваралі свае сем’і. І сяброўства гэтае было настолькі блізкім, што адзін аднаго запрашалі на вяселле. Часта здаралася, што касцёльныя сябры знаёмілся з некасцёльнымі. Такі сімбіёз вельмі цешыў Віку. Да кожнага шлюбу ўсе рыхтаваліся разам, ладзілі абавязкова нейкі сюрпрыз.

Са з’яўленнем дзяцей нарадзілася традыцыя супольных сустрэч. Як адзначае наша суразмоўца, для гэтага не патрэбна спецыяльная нагода.

«Пасля адной з сустрэч дачка запытала мяне, як з’явілася такая традыцыя. Я адразу і не ўспомніла, здавалася, што яно неяк само сабою здарылася. Але потым узгадала, што пасля нядзельнай імшы на Залатой Горцы мы заўсёды выходзілі на вуліцу і размаўлялі адзін з адным, а дзеці гулялі побач. Так за размовай праходзіў час-другі, а потым нехта прапаноўваў: “А паехалі да мяне”. Мы куплялі нешта смачнае, рыхтавалі абед і вось так цудоўна праводзілі нядзельны дзень. Нас аб’ядноўваў і аб’ядноўвае касцёл»

«Праз сяброўства Бог можа нас падтрымаць»

Адным з найвялікшых дароў, які Бог даў чалавеку, Вікторыя лічыць сяброўства. Узгадайце, колькі разоў у тэксце вам ужо сустракалася слова «сябар». Шмат, праўда? Гэта невыпадкова, бо без гэтага паняцця Віка не ўяўляе сваё жыцце. Менавіта праз сяброў, упэўнена яна, Бог можа падтрымаць чалавека, распаліць веру, паказаць шлях да касцёла.

«Я хачу, каб мае дзеці, адзначае Вікторыя, мелі добрых сяброў. У школе, ва ўніверсітэце і асабліва ў касцёле. Пагэтаму мы з мужам заўсёды імкнемся да удзелу ў розных касцёльных мерапрыемствах, вандроўках, пілігрымках, летніках»

Не першы год Вікторыя працуе з нашымі наймалодшымі парафіянамі. У кожнага з іх свой характар, свае таленты і мары, але Вікторыі ўдаецца іх аб’яднаць. Сакрэт, на яе погляд, вельмі просты: дзяцей трэба вучыць сябраваць. Яны не павінны прыходзіць да касцёла, каб проста паслухаць катэхезу. Важна, каб парафіяльная святыня была месцам спаткання з Богам і бліжнімі.

«Вельмі цешуся, калі бачу, што пасля рэпетыцыі або паездкі дзеці не разыходзяцца, а падыходзяць адзін да аднаго і размаўляюць. Гэта натхняе на тое, каб прадаўжаць сваю справу. Спецыяльна сябраваць не заставіш, але паспрабаваць заўсёды варта»

На пытанне аб тым, адкуль бяруцца сілы і час, каб удзельнічаць у жыцці касцёла, працаваць, быць добрай жонкай і шматдзетнай маці, Вікторыя адказвае, што галоўны памочнік еднасць з Богам і касцёлам.

«Мы, я і мая сям’я, не аддзяляем сябе і сваё жыццё ад веры і касцёла, а будуем яго суцэльна з ім. Так склалася, і я гэтаму вельмі рада»

Віншуем Вікторыю з Днём нараджэння і жадаем ёй і яе сям’і Божага благаслаўлення на кожны дзень!