Літургія Вялікай Пятніцы (+фота)
Мы знаходзімся ў другім дні Святога Пасхальнага Трыдыум, у другім дні найвялікшага cвята нашай веры. Ад найстаражытнейшых часоў Касцёл устрымліваецца ад складання Эўхарыстычнай Ахвяры ў Вялікую Пятніцу, дзень, калі Збаўца ўзяў на свае плечы крыж і памёр на iм дзеля нашага збаўлення. Сёння крок за крокам ідзём праз чарговыя моманты страшнай мукі Пана.
Пачатак
У касцёле не спяваецца песня на ўваход. Малітва пачынаецца ў засяроджанасці і цішыні. Калі святар, які кіруе літургіяй, кладзецца перад алтаром на твар (крыжом — пастава прастрацыі), становімся на калені перад Божай Веліччу і ў пакоры схіляемся перад Ім. Не можна знайсці слоў, каб перапрасіць за нашыя грахі і грахі ўсяго свету, якія давялі Збаўцу да смерці. Молімся, каб усе мы, адкупленыя праз Смерць і Уваскрасенне Хрыста, выракліся ўсялякага граху і жылі, як сапраўдныя дзеці божыя. Калі святар паўстане, устаюць усе вернікі.
Літургія Слова
Найперш выслухаем Божае Слова, разважаючы яго, каб ажывіць веру ў гэтую вялікую Таямніцу Любові.
1 чытанне з прароцтва Ісаі прадказвае плады мукі і цярпення Месіі, на якога Пан Бог “усклаў правіны ўсіх нас”. Цярпенне чалавека, асабліва нявіннага, заўсёды будзе таямніцай. Адказ даў нам Хрыстос: ён дарогу крыжа перамяніў у дарогу хвалы.
2 чытанне ўказвае на Хрыста, адзінага і найвышэйшага Архісвятара, які стаў Збаўцам для ўсіх, хто Яго слухае. Хрыстос — наш пасрэднік перад Айцом, таму з даверам наблізімся да трону ласкі, якім сёння з’яўляецца Крыж.
Пасля будзе ўрачыста прачытана Мука Пана. Аўтарам гэтага апісання з’яўляецца святы Апостал Ян, які стаяў пад крыжам Хрыста. Выслухаем гэты тэкст у пакоры, бо калі б мы былі ў тую Вялікую Пятніцу ў Іерусаліме, то, пэўна, таксама б крычалі: “Укрыжуй Яго!” або “Сыдзі з крыжа!” ці ўвогуле ўцяклі б.
Малітва верных
Малітва верных сёння мае асабліва ўрачысты характар. Молімся да Бога ў розных інтэнцыях, просячы за людзей розных рэлігій і нават няверуючых, бо Касцёл з’яўляецца таямніцай збаўлення свету, а мы праз гэтую малітву выконваем нашу місію паўсюднага святарства. Скіруем малітву праз Адзінага Першасвятара — Хрыста, бо Яго смерць на Крыжы з’яўляецца лесвіцай, што злучае зямлю і неба.
Адарацыя крыжа
Цэнтральнай часткай Літургіі з’яўляецца адарацыя Крыжа. Адбываецца ўрачыстае прывітанне Крыжа Хрыстовага, які паступова адкрываецца. Станем на калені перад ім. У гэтым годзе па вядомай прычыне не будзем цалаваць крыж, як гэта адбываецца звычайна. Будзем стаяць з пашанай перад укрыжаваным Збаўцам і ўглядацца ў сімвал ганьбы, які стаўся для нас знакам збаўлення і надзеі.
Святая Камунія
Ад адарацыі крыжа пераходзім да Святой Камуніі. Алтар засцілаецца абрусам, ставяцца свечкі. Святая Камунія прагне ўказаць нам на сціслую сувязь між ахвярай Крыжа і Эўхарыстыяй. Святая Камунія, якую сёння спажываем з дароў, асвечаных падчас учарашняй Імшы Вячэры Пана, з’яўляецца спажыткам, а таксама плодам, які саспеў на Дрэве Крыжа, на Дрэве новага і бессмяротнага жыцця.
Праз хвіліну святар пакажа нам ужо не дрэва і сімвал, але самаго Хрыста ў Яго эўхарыстычным і праслаўленым целе. Мы прымем Яго фізычна, будучы ў касцёле, або духоўна, знаходзячыся дома, бо толькі Ён дае праўдзівае і поўнае жыццё.
Заканчэнне
Працэсія да бочнага алтара (“Божага Гроба”) — апошні акцэнт літургіі. Па магчымасці нясём да яго у манстранцыі жывога Хрыста. Аздабленне гроба прыпамінае нам ахвяры Пана за нас. Таму пры гробе молімся і ўслаўляем Яго, бо Ён праз крыж і сваё ўваскрэсенне прынёс супакой усяму свету.
І зноў у канцы адсутнічае благаслаўленне, бо літургія, як і ўчора, працягваецца. Мы жывём у той рэчаіснасці, у якую ўвайшлі ўчора, распачаўшы Святы Пасхальны Трыдыум.
З галоўнага алтара здымаецца абрус. Табернакулюм пусты. Цела Збаўцы спачывае ў гробе. Ціша.