Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Вялікая Субота. Дзень цішыні. Цела Збаўцы ў грабніцы

16-04-2022

Пасхальная Вігілія распачынаецца поздна вечарам. Яна з’яўляецца пачаткам святой ночы уваскрасення Хрыста, які перайшоў ад смерці да жыцця і жыццём адарыў свой люд. Вялікодныя святы пачынаем гэтай урачыстай Літургіяй, якая з’яўляецца чуваннем на хвалу Пана, радаснай малітвай і слуханнем Божага Слова. Прыходзім жа, як мудрыя слугі, як дзевы з запаленымі лямпамі, каб з радасцю прывітаць надыходзячага Хрыста. Ён сам ідзе, каб адарыць нас пасхальнай радасцю і надзеяй, што калісьці і мы будзем даведзеныя ад смерці да вечнага жыцця.

Распачынаем Літургію на вуліцы:

– малітва асвячэння агню;

– пасхальныя знакі;

– запаленне пасхала;

засыпанне кадзіла;

– працэсія з пасхалам.

Працэсія да касцёла з Пасхалам

Пасля таго, як працэсія ўвойдзе ў касцёл, стоячы з запаленымі свечкамі, будзем слухаць Велікоднае пасланне (Exsultet). У такой урачыстай форме будуць абвешчаны велікодныя святы. Разам з тым, хто будзе спяваць, падзякуем Богу за дар Хрыстовага ўваскрасення, за адмену старадаўняй віны. Углядаючыся ў яркі агеньчык пасхальнай свечкі, радуемся, што Хрыстос Уваскрослы апраменьвае сваім бляскам усю зямлю і кожнага з нас. Дзякуючы Яму, мы вызваліліся ад змроку і страху смерці.

Пасля спеву Exsultet

Пасля радаснага і ўрачыстага абвяшчэння пасхальнай радасці паслухаем Божае Слова. Гэтая доўгая частка літургіі запрашае нас паразважаць над вялікімі справамі Божымі, споўненымі ў гісторыі. Паслухаем словы Святога Пісання, бо яно з’яўляецца Кнігай Жыцця і аб’яўленым словам, якое яснее, як святло ў цемры і ахоплівае сваім бляскам усё нашае жыцце. Захаваныя ў гэтым слове для нас Божыя абяцанні як спаўняліся калісьці ў гісторыі, так і зараз спаўняюцца у нашым жыцці, бо Бог заўсёды верны свайму люду.

Літургія Хросту

У Пасхальную ноч Касцёл заўсёды ўдзяляў сакрамант Хросту. Нават, калі не хрысцілі дзяцей, заўсёды асвячаў ваду, як сімвал таго, што ўсе сакраманты чэрпаюць моц з Велікоднай Таямніцы — смерці і ўваскрэсення Хрыста. Асвяцім ваду, зноў прыпамінаючы святую гісторыю. Бог карыстаўся вадою, каб абвяшчаць свае вялікія справы. Успомнім таксама ў малітве літаніі усіх святых, бо ў іх найбольш поўна выявілася моц уваскрослага Хрыста. Дзякуем за гэтую ваду, якая заўсёды плыве ў Касцёле, як знак новага жыцця.

Стоячы з запаленымі ад Пасхала свечкамі, адновім абяцанні, складзеныя падчас Святога Хросту.

Пасля вызнання веры і аднаўлення абяцанняў Хросту святар акрапляе ўсіх прысутных святой вадой. Далей распачынаецца Літургія Эўхарыстычная, якая трывае звычайным чынам.

Прыгатаванне дароў

Вігілія пасхальная можа быць завершана рэзурэкцыйнай працэсіяй у гонар уваскрослага Збаўцы. Калі працэсія не адбываецца, святар віншуе ўсіх з вялікоднай радасцю і блаславіць.

Спеў на разасланне

Святы Пасхальны Трыдыум закончыцца 2 Нешпарамі ў нядзелю Уваскрасення Пана. Але, пачынаючы ад Вігіліі пасхальнай, Касцёл Божы прабывае ў пераможнай радасці Збаўцы.

Усіх віншую з перамогай Хрыста! Няхай Яго перамога стане нашай перамогай!

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

кс. Дзяніс MSF