Маем новых міністрантаў і лектараў
Апошнія два тыдні сталі вельмі значнымі для касцёла ў Фаніпалі.
У трэцюю нядзелю посту чатыры хлопцы, якія дагэтуль былі кандыдатамі ў міністранты, урачыста атрымалі комжы і сталі паўнавартаснымі членамі літургічнай службы алтара. Гэтай падзеі папярэднічала доўгая і старанная падрыхтоўка. У прысутнасці вернікаў новыя міністранты паабяцалі верна і рупліва выконваць свае абавязкі падчас святой Імшы, дапамагаючы пры алтары.






А ўжо ў наступную, чацвёртую, нядзелю посту трое юнакоў зрабілі наступны крок у сваім міністранцкім жыцці — яны сталі лектарамі. Падчас нядзельнай Святой Імшы яны атрымалі альбы — сімвал новага служэння. Ад гэтага дня яны маюць прывілей і абавязак чытаць Божае слова перад усёй парафіяй.





Віншуем усіх хлопцаў з гэтымі адказнымі крокамі і жадаем, каб іх служэнне прыносіла радасць і ўмацоўвала веру нашай супольнасці. Няхай Пан бласлаўляе!