Маленькія вернікі фаніпальскай парафіі прыступілі да Першай Камуніі
31 мая, ва Ўрачыстасць Святой Троіцы, восем хлопчыкаў і дзяўчынак з нашай парафіі ўпершыню прынялі Езуса ў сваё сэрца.
Гэтаму хвалюючаму дню папярэднічалі два гады катэхетычнай падрыхтоўкі, якую праводзілі катэхеткі Алена і Вікторыя. Заняткі па рэлігіі завяршыліся іспытам, які прымаў пробашч парафіі, а напярэдадні свята адбылася не менш важная падзея — першая споведзь першакамунійных дзяцей. І вось, нарэшце, на нядзельнай Імшы сабраліся бацькі, родныя, вернікі і госці парафіі, каб разам з дзецьмі перажыць такі хвалюючы і важны ў іх жыцці момант.
Святочная літургія распачалася ля крыжа абрадам благаслаўлення: бацькі ўсклалі рукі на дзяцей, ахінаючы іх сваёй любоўю і ціхай малітвай. Пасля гэтага кранальнага моманту ва ўрачыстай працэсіі дзеці разам са святаром і літургічнай службай урачыста ўвайшлі ў касцёл.
Падчас гаміліі ксёндз Дзяніс Шастаковіч у чарговы раз нагадаў пра веліч сакрамэнту Эўхарыстыі. «Жывы Бог прыходзіць у сэрца чалавека, — адзначыў святар, — гэта выключная падзея, важнасць якой нават цяжка асэнсаваць, і менавіта таму мы так доўга і так шчыра да яе рыхтуемся». Пасля да прысутных у святыні са словамі сведчання звярнулася пані Яніна Кілбас — прадстаўнік старэйшага пакалення парафіі. Яна з цяплом узгадала, як шмат гадоў таму, у цяжкія часы пераследу, сама ўпершыню прыняла Езуса ў сэрца, і горача заклікала маладое пакаленне ніколі не згубіць атрыманы дар.
Падчас літургіі вернікі маліліся не толькі ў інтэнцыі першакамунійных дзяцей, але за ўсіх тых, хто скончыў навучальны год, дзякуючы за плённае яго перажыванне.
Напрыканцы Імшы дзеці і бацькі падзякавалі ксяндзу-пробашчу, катэхетам і ўсім прысутным у святыні за супольую малітву і ўзнёслае перажыванне моманту.












































