У парафіі ў Фаніпалі ўпершыню адбыўся сакрамэнт Канфірмацыі
23 мая, у вігілію ўрачыстасці Спаслання Святога Духа, група вернікаў з Фаніпаля прыняла сакрамэнт Канфірмацыі. Яго ўдзяліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Гэты дзень асаблівы для касцёла ў Фаніпалі і ўвойдзе ў гісторыю, бо сакрамэнт хрысціянскай сталасці тут удзяляецца ўпершыню з моманту заснавання парафіі. Прыняццю сакрамэнта папярэднічала доўгая і свядомая падрыхтоўка вернікаў, якая доўжылася некалькі месяцаў.
Перад пачаткам святочнай літургіі ксёндз-пробашч прывітаў біскупа Юрыя ля крыжа. Затым да іерарха са словамі прывітання звярнуліся парафіяне. Святая Імша распачалася ўрачыстым уваходам кандыдытаў да бежмавання ў касцёл ў суправаджэнні біскупа і літургічнай службы.
Падчас гаміліі арцыпастыр нагадаў, што праз сакрамэнт Канфірмацыі мы прымаем Святога Духа, які сыходзіць са сваімі дарамі. Але гэтыя дары нельга бяздумна ўзяць і пакласці на паліцу, імі трэба карыстацца. Яны дадзены кожнаму верніку, каб рабіць правільны жыццёвы выбар, пераадольваць цяжкасці, служыць бліжняму і тым самым сведчыць пра Хрыста.
Кульмінацыяй Імшы стаў абрад намашчэння чала кандыдатаў святым алеем. У прысутнасці сведкаў з рук ксяндза біскупа вернікі атрымалі пячатку Духа Святога, якая з’яўляецца знешняй прыкметай таго, што адбываецца ў нашай душы.
Напрыканцы літургіі парафіяне падзякавалі іерарху за супольную малітву і ўдзяленне сакрамэнту, а таксама ксяндзу-пробашчу і прысутнаму на Святой Імшы ксяндзу Аляксандру. Біскуп Юрый, у сваю чаргу, заахвоціў вернікаў быць радаснымі і нагадаў, што сапраўдная хрысціянская вера павінна прыносіць у сэрца супакой і радасць, нават сярод жыццёвых цяжкасцяў.
Пасля Святой Імшы святкаванне прадоўжылася ў цёплай атмасферы ў дольным касцёле.



























































